Брэсцкія ЖЭСы адмаўляюцца прыбіраць пад'езды
Камунальшчыкі раяць пашкадаваць бабулек-прыбіральшчыц, бо на заробак у 350 тысяч іншых ахвотнікаў няма
Брэсцкія ЖЭС-ы ўжо некалькі гадоў не прыбіраюць пад’езды ў жылых дамах. Між тым, паводле санітарных патрабаванняў, зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя, вільготная прыборка павінна праводзіцца раз у тыдзень, а сухая дык увогуле штодзень. Намеснік начальніка брэсцкага ЖРЭУ Ігар Верамейка разводзіць рукамі: няма каму працаваць.
Ігар Верамейка: “Нам трэба яшчэ 450 чалавек, каб прыбраць усе пад’езды. То бок, гэта да нашых 300 чалавек плюс яшчэ 450. А гэта і зарплата, і ўсё іншае дадаткова. Няма людзей, ніхто не хоча ісці. Пазваніце ў любы ЖЭС і скажыце: я хачу прыбіраць пад’езды. Вас адразу возьмуць”.
Заробак у прыбіральшчыка пад’ездаў 350 тысяч рублёў, а каб выканаць норму, трэба ў дзень прыбраць 4 дамы па 9 паверхаў або 8 пяціпавярховікаў. З-за малога заробку наводзіць парадак у пад’ездах часта бяруцца дворнікі, але і гэта не дапамагае. Таму брэсцкія ЖЭС-ы перарабляюць санітарныя патрабаванні на свой манер ― у графікі прыборкі раз на месяц, даведалася Еўрарадыё ад вядучага інжынера гарадской ЖКГ Алены Пшанічнай.
Алена Пшанічная: “У сувязі з неўкамплектаванасцю штата працаўнікоў па комплекснай прыборцы, яна ажыццяўляецца па графіках, якія распрацавала індывідуальна кожнае домакіраўніцтва. Прыборка комплексная, то бок на кожны дом па графіку, і ёсць канкрэтны дзень, калі павінна праводзіцца прыборка пад’езда”.
Гэтыя графікі павінныя вісець у кожным ЖЭС-е. Аднак, як даведалася Еўрарадыё ад жыхаркі аднаго з дамоў Маскоўскага раёна, ні графікаў, ні прыборкі хаця б раз на месяц брэстаўчане ў вочы не бачылі.
Брэстаўчанка: “Я гэтага графіка не бачыла. Я хадзіла, пісала туды заявы. Чаму яны тады не ткнулі мяне носам у гэты графік? Глупства гэта ўсё”.
Адзінае, што можна зрабіць у гэтай сітуацыі – пакараць прыбіральшчыка і пазбавіць яго прэміі ў 100-200 тысяч. Іншы варыянт прапануе кіраўніцтва ЖКГ ― увогуле адмовіцца ад прыборкі і плаціць за тэхнічнае абслугоўванне ў 16,5 разоў менш ― усяго 18 рублёў за квадратны метр. Аднак насамрэч гэта немагчыма, кажуць у ЖЭСах – няма адпаведных папераў.
А вось намеснік начальніка брэсцкага ЖРЭУ Ігар Верамейка раіць не забіваць сабе галаву такой лухтой: галоўнае, каб была вада ў кране і з даху не капала, а ў дапамогу ЖЭС-ам прыбіраць трэба самім.
Ігар Верамейка: “Жыльцы самі смецяць, а чаму? Бо думаюць, што прыйдзе бабулька з вядром і ўсё прыбярэ. Бабулька перадпенсійнага ўзросту прыходзіць. Ёй трэба набраць вадзічку. Яна ідзе ў падвал, набірае вядро 10 літраў. Потым паднімаецца на 5 паверх. Ёй ужо дрэнна стане”.
А вось у сталічных ЖЭС-ах праблемы з прыборкай пад’ездаў здараюцца рэдка, паведаміла Еўрарадыё намесніца гендырэктара Гарадской жыллёвай гаспадаркі Галіна Гілевіч. Недахоп кадраў кампенсуюць прымусовымі працаўнікамі.
Галіна Гілевіч: “Побач з нармальнымі людзьмі, якія па розных прычынах застаюцца без працы і ідуць прыбіраць за 400-600 тысяч, каб не сядзець дома. А ёсць абавязаныя асобы на падставе дэкрэта прэзідэнта №18, якіх сілком прывозяць нам. Гэта людзі, якіх пазбавілі бацькоўскіх правоў”.
А брэсцкая жыллёвая гаспадарка, на думку Галіны Гілевіч, сама вінаватая ў праблемах з прыборкай пад’ездаў. Адсутнасць працаўнікоў, лічыць яна, сведчыць пра дрэнную арганізацыю працы.
Фота moneyno.ru