Брус Уіліс стаў акцыянерам бабруйскага завода-банкрута

Магчыма, з дапамогай вядомага акцёра ў Бабруйску пачнуць вырабляць віскі і вядомыя маркі каньяку. Знакаміты амерыканскі акцёр Брус Уіліс у канцы мінулага года набыў 3,3 адсотка акцый французска-польскага холдынгу Вelvedere Group, што займаецца выпускам знаных марак каньякоў і гарэлкі. Гэтаму ж холдынгу з 2008 года належыць і 70% Бабруйскага завода вінаградных напояў.

“Вось гэта для мяне навіна, калі шчыра, што Брус Уіліс купіў нейкую частку акцый!”,
— здзівіўся тэлефанаванню Еўрарадыё старшыня мясцовага гарвыканкама Дзмітрый Бонахаў.

Бабруйскі завод вінаградных напояў з 2006 года быў прызнаны банкрутам. Антыкрызісным упраўляючым прызначылі фірму “Альгамс”. Пасля таго, як з завода зніклі 782 мільёны рублёў, прадпрыемства ў фірмы забралі.

У 2008 годзе Вelvedere і Бабруйскі гарвыканкам дамовіліся аб выпуску на заводзе алкагольных напояў. І нават стварылі закрытае акцыянернае таварыства “Бельведэр-Альянс”. Холдынг абавязаўся ўкласці ў інвестыцыйны праект 13 мільёнаў еўра. Бабруйск у праекце ўдзельнічаў вытворчымі плошчамі завода. Акцыі падзялілі “адпаведна” з ўкладзенымі інвестыцыямі: 70 адсоткаў — холдынгу Вelvedere, 30 — Бабруйскаму выканкаму.

Аднак, як высветлілася, праект па выпуску фірмовай гарэлкі так і не скрануўся з мёртвай кропкі, а завод дагэтуль прастойвае. Холдынг не спяшаецца разлічвацца з крэдыторамі, а без гэтага няма чаго думаць пра замежныя інвестпраекты.

Дзмітрый Бонахаў: “Нам паведамілі, што кампанія Вelvedere, у адпаведнасці з патрабаваннямі законаў ЗША, у стадыі абароны ад патрабаванняў крэдытораў. Паводле ўсіх законаў эканомікі выходзіць, што раз не аддаюць пазыкі, то і не могуць інвеставаць”.

Сёння, згодна са словамі старшыні гарвыканкама, у Бабруйску разважаюць пра тое, што рабіць далей з гэтым алкагольным праектам.

Дзмітрый Бонахаў: “Мы накіравалі ў Вelvedere ліст з патрабаваннем вырашыць урэшце пытанне — будуць яны ажыццяўляць гэтую дзейнасць ці не. Калі пацвердзяць, то мы прыступім да рэалізацыі праекта, калі не, то будзем па-іншаму вырашаць гэтыя пытанні. Адзін з варыянтаў — продаж іх пакета акцый іншай кампаніі, другі — продаж маёмаснага комплексу”.

Дарэчы, яшчэ ў 2008 годзе намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Віктар Дзесятнік заяўляў, што ўжо пачалося набыццё ліній разліву вінаграднага віна і каньяку, а ў планах завода — арганізацыя вытворчасці віскі. Як высветлілася, чыноўнік паспяшаўся з аптымістычнымі заявамі.

Дзмітрый Бонахаў: “Нас тады інфармавалі, што ў Балгарыі ёсць дзве лініі, якія гатовыя для ўстаноўкі. Як адзін з варыянтаў разглядаўся Бабруйск”.

Праўда, да Бабруйска гэтыя лініі так і не даехалі. Затрымка з рэалізацыяй сумеснага праекту мясцовыя ўлады не радуе. Магчыма, менавіта таму далейшыя перамовы з прадстаўнікамі холдынгу будзе весці нават не мясцовае кіраўніцтва, а абласное.

Як стала вядома Еўрарадыё, у лютым на перамовы прыедзе нехта з прадстаўнікоў холдынгу. І едзе ён не ў Бабруйск, а адразу ў Магілёў, дзе будзе весці перамовы з першым намеснікам старшыні аблвыканкама Ўладзімірам Краўцовым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі