Брытанскі журналіст ва Украіне атрымаў аскепкавы пералом абедзвюх ног
Брытанскі журналіст атрымаў ва Украіне аскепкавы пералом абедзвюх ног. Мужчына знаходзіцца ў рэанімацыі, паведаміла генпракурорка Украіны Ірына Венядзіктава.
Яна не назвала месца і абставіны, дзе ён атрымаў раненні. Аднак Венядзіктава падкрэсліла, што гэта не быў ваенны аб'ект. Раненне журналіста яна назвала вынікам “рускага міра”.
"Яшчэ раз хачу звярнуцца да нашых партнёраў: грамадзянін вашай краіны знаходзіўся на тэрыторыі Украіны, выконваючы рэдакцыйнае заданне. Яго дыягназ пазначаны вышэй. Гэты чалавек не быў на ваенным аб'екце, у якія, па словах афіцыйных асоб РФ, яны ўвесь час цэляць. Не будучы на ваенным аб'екце, ён атрымаў сур'ёзныя раненні", — напісала Венядзіктава.
Учора стала вядома пра смерць ва Украіне журналіста з ЗША. Па словах украінскіх праваахоўнікаў, на блокпасце ля Ірпеня яго расстралялі расійскія вайскоўцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.