Буцька: Амбасадары вярнуліся “цішком”, каб гэта не выглядала як саступка

120427 BudzkaS.mp3

Еўрарадыё: Лукашэнка сказаў, што еўрапейцы ўрэшце зразумелі важнасць Беларусі для ЕС. Ці сапраўды матывацыя вярнуць амбасадараў у Мінск была такая, як кажа кіраўнік Беларусі?


Марэк Буцька: Насамрэч карціна такая, што ўпершыню ў гісторыі ЕС праводзіў цвёрдую палітыку адносна Лукашэнкі і гэтая палітыка пачала дзейнічаць. Тое, што Саннікаў ды Бандарэнка выйшлі на волю – гэта перадусім дзякуючы еўрапейскім санкцыям, і не толькі таму што амбасадары салідарна з’ехалі з Мінска – гэта, магчыма, як раз адзін з найслабейшых элементаў уплыву Еўропы на Лукашэнку. 


Чорныя спісы пашыраюцца, эканамічныя санкцыі, хоць і мяккія, дзейнічаюць – упершыню мы бачым  сапраўдную палітыку ўплыву на рэжым, і яна дзейнічае. Вядома ж, Лукашэнка будзе казаць, што ён не вызваліў палітвязняў пад ціскам, што санкцыі контрпрадуктыўныя. Цяпер важна, каб Еўропа і надалей ішла гэтаю дарогаю, каб не лічыла, што поспех дасягнуты і можна рабіць палітыку мякчэйшай. Хаця апошняе таксама магчыма. Але ў цэлым сітуацыя выглядае наадварот, чым кажа Лукашэнка. 


Еўрарадыё: Вяртанне амбасадараў адбывалася “цішком”. Вядома ж, Лукашэнка мог палічыць гэта сваім поспехам. Ці правільна ўсё было зроблена?


Марэк Буцька: Як і многія эксперты, я лічу,  што вяртанне адбылося заўчасна, Лукашэнка прапагандуе гэта як саступку з боку ЕС. Але хто больш карысці з гэтага мае? Гэта ўзнагарода Лукашэнку за вызваленне Саннікава ды Бандарэнкі ці проста жаданне Еўрасаюза вярнуцца? У ЕС таксама ёсць бюракратычная інэрцыя і амбасадары не заўжды задаволеныя, калі няма напружання і нічога не адбываецца. Гэта ўсё справа інтэрпрэтацыі. 


У Мінску амбасадары ці не ў Мінску – гэта мае толькі сімвалічнае значэнне. Дыпламаты і паслы няшмат могуць зрабіць у Беларусі – я ведаю гэта са свайго досведу. Гэта жэст сімвалічны, а санкцыі ёсць і будуць пашырацца, калі Лукашэнка будзе рабіць крокі назад. 


Еўрарадыё: А чаму не звязаць вяртанне паслоў і вызваленне Саннікава і Бандарэнкі? Нашто трэба было пакідаць інтэрпрэтацыю гэтага кроку выключна беларускаму боку?

 
Марэк Буцька: Эліты ЕС вырашылі не прапагандаваць вяртання амбасадараў, каб не рабіць выгляду, што ўзнагароджваюць Лукашэнку, што гэта вялікая падзея. Калі б яны афіцыйна пра гэта паведамілі, гэта была б занадта яркая саступка Лукашэнку. Яны вырашылі вярнуцца цішком ды не рабіць з гэтага вялікай падзеі. 


Еўрарадыё: А як далей будуць развівацца адносіны ЕС ды Беларусі?


Марэк Буцька: Было б кепска, калі б Еўропа ізноў пачала круціць дыялог з Лукашэнкам, калі

13 палітвязняў за кратамі. Цяпер усё залежыць ад таго, як Лукашэнка і КДБ інтэрпрэтуюць паводзіны ЕС. Калі яны вырашаць, што Еўропа пачынае саступаць – Лукашэнка звернецца да даўнейшай цвёрдай палітыкі. Таму важныя далейшыя дзеянні ЕС, якому трэба на кожнае абвастрэнне рэпрэсій у Беларусі адразу рэагаваць пашырэннем чорнага спісу ды санкцый. Як толькі Лукашэнка адчуе, што ЕС адступае, ён пачне наступаць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі