Бульба ў параўнанні з мінулым годам падаражэла ў 4,5 разы
А клубніцы патаннелі за два тыдні напалову. Еўрарадыё паглядзела кошты на свежую гародніну-садавіну.
Кропак, дзе на Камароўскім рынку можна знайсці чарніцы, можна пералічыць на пальцах — ягадаў пакуль няшмат, ды і попыт на чарніцы невялікі. Пакуль гэта адны з самых дарагіх ягад. Прадаўцы просяць за кіло 60 тысяч рублёў (кошты ўказаныя на 19 чэрвеня).
“200 грамаў прадала. Але я іх толькі першы дзень прадаю, ды і паставіла далёка”, — расказвае пра небагатае гандлёвае шчасце прадаўшчыца. У яе чарніц невялікая скрыня.
Танней атрымліваецца купляць чарніцы ў бабулек-дзядулек. Яны прадаюць шклянкамі і літрамі.
“14 тысяч за паўлітра, за літр — 28 тысяч”, — прапаноўвае чарніцы дзядуля.
Калі ў паўлітровай шклянцы 350 грамаў, дык кіло атрымліваецца па 40 тысяч за кілаграм. Дарэчы, у мінулым годзе кілаграм чарніц каштаваў 25-30 тысяч у сезон.
“Вядром выгадней купляць, чым шклянкамі. У вядры — сем шклянак. Шклянка даражэйшая”, — рэкламуе суніцы прадаўшчыца. За пяцілітровае вядро просяць 150 тысяч, а за шклянку ў паўлітра — 35 тысяч. Бяром вёдрамі!
З’явілася і маладая беларуская бульба!
“Са Слуцка бульба. Учора капалі”, — прадавец пацірае бульбу, каб паказаць, што клубні лёгка скрабуцца, а значыць бульба сапраўды свежая.
Кошт за кіло — 12-14 тысяч рублёў. Ёсць на кірмашы і ўкраінская маладая бульба: яна буйнейшая за беларускую і даражэйшая — 16 тысяч за кіло.
Цікава, што ў мінулым годзе за кіло беларускай маладой бульбы прасілі 2500-4000 рублёў, а цяпер самую дробную прадаюць па 10-11 тысяч рублёў.
Прадаўцы абяцаюць, што кошт на бульбу ўпадзе, але пазней. Сёлета залевы і вельмі позняя вясна паўплывалі на ўраджай.
Аднак позняя зіма ніяк не паўплывала на ўраджаі клубніц. Іх у гэтым годзе вельмі шмат! Таму кошт пачынаецца ад 10-12 тысяч за кіло (сустракаюцца варыянты нават па 5000-8000!), адборныя ягады прадаюць па 25-35 тысяч рублёў.
“Вельмі добра ягады ідуць, у мяне восем скрынь засталося, а было 19!” — распавядае прадаўшчыца. Усяго за два тыдні кошт за кіло ўпаў больш чым напалову. Першыя з Польшчы і Грэцыі прадавалі за 40 тысяч рублёў, з Брэста — па 35 тысяч рублёў. Пакупнікі набываюць клубніцы вёдрамі і скрынямі.
“Лісічкі з Пухавіцкага раёна, вось глядзіце, якія дробненькія, таму вельмі многа ўлазіць у шклянку”, — паказвае маленькія лісічкі жанчына. Але мяне палохае кошт: за шклянку на “Камароўцы” пакуль просяць 25 тысяч рублёў (у мінулым годзе было 15 000 рублёў). У шклянцы прыкладна 170 грамаў.
Кошт прадуктаў на Камароўскім рынку, (бел.рублёў) |
|
Памідоры |
ад 15 000 |
Агуркі |
ад 6000 |
Бульба |
ад 10 000 (дробная) |
Шампіньёны |
26-29 000 |
Лісічкі |
ад 25000 (170 грам) |
Чарніцы |
ад 15 000 (паўлітра) |
Клубніцы |
10-35 000 |
Чарэшні |
ад 30 000 |
Суніцы |
ад 35 000 (паўлітра) |
Морква |
ад 14000 |
Кабачкі |
7000-10000 |