Бягуха Кудзеліч: "Аляксандр Рыгоравіч распавядаў мне, як правільна бегчы"

Бягуха Кудзеліч: "Аляксандр Рыгоравіч распавядаў мне, як правільна бегчы"

Беларуская бягуха Святлана Кудзеліч у інтэрв'ю выданню "Прессбол" распавяла, як кіраўнік Беларусі вучыў яе бегаць.

Спартоўка, якая трэніруецца ў Ігара Жаваранка, адзначыла, што гэта нялёгка, калі трэнер і каханы мужчына — адзін і той самы чалавек. Маўляў, нават нельга прыйсці дадому і паскардзіцца на трэнера. Разам з тым яна адзначыла высокую кваліфікаванасць трэнера: "Сам бегаў доўгія дыстанцыі і заўсёды лічыў, што мая сцежка таксама там. Гэта я ўсё каламуціла ваду, мне ж медалі патрэбныя".

Журналіст "Прессбола" паіранізаваў: "Ага, і каб потым прэзідэнт паляпаў па плячы на прыёме і сказаў, што вучыў вас бегаць".

Адказ быў нечаканы. "Дык гэта ўжо было. На адкрыццё манежа БДУФК нас запрасілі разам з Андрэем Краўчанкам. Аляксандр Рыгоравіч распавядаў мне, як правільна бегчы", — прызналася бягуха.

Яна падзялілася спартовымі парадамі ад кіраўніка Беларусі: "Не ўсе сілы аддаваць, берагчы, а вось у канцы выкласціся без астатку. Я проста не ведала раней. А цяпер, вядома, буду спрабаваць".

Раней Аляксандр Лукашэнка расказваў, як падкормліваў юную тэнісістку Вікторыю Азаранку булачкамі падчас трэніровак і як вучыў бегаць маленькую біятланістку Дар'ю Домрачаву.

Святлана Кудзеліч — лёгкаатлетка, якая спецыялізуецца ў бегу на 3000 метраў з перашкодамі. Сярэбраная прызёрка чэмпіянату Еўропы ў памяшканні 2015 года на дыстанцыі 3000 метраў. Шматразовая чэмпіёнка Беларусі. Удзельніца летніх Алімпійскіх гульняў 2012 і 2016 года. Майстар спорту міжнароднага класа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі