Бяляцкі: У Беларусі можа з'явіцца каля 120 палітвязняў

Удзельнікі канферэнцыі "Ваеннае становішча ў Беларусі? Як гэта здарылася і што далей?", якая прайшла сёння ў Варшаве, заклікалі Еўрасаюз і ўлады Польшчы зрабіць усё магчымае для вызвалення палітвязняў у Беларусі.  На канферэнцыі выступілі беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы, а таксама сваякі арыштаваных па справе аб "масавых беспарадках" у Мінску, паведамляе прэс-служба тэлеканала "Белсат".

Цераз перашкоды спецслужбаў не змаглі прыехаць у Варшаву жонка экс-кандыдата Алеся Міхалевіча і маці палітыка Паўла Севярынца.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі адзначыў, што сёння ў справе "аб беспарадках" фігуруе 43 чалавекі. "Аднак праваахоўнікі заяўляюць, што шукаюць каля 120 актыўных удзельнікаў. Гэта значыць, што менавіта столькі новых палітвязняў можа неўзабаве з'явіцца ў Беларусі", — падкрэсліў ён.

У часе дыскусіі дырэктар "Белсату" Агнешка Рымашевская-Гуза звярнула ўвагу на адсутнасць у краінах Захаду адзінага падыходу да таго, каго лічыць палітвязняў, а каго не. "Мы ў Польшчы добра разумеем, што адбываецца ў Беларусі, але ў некаторых іншых еўрапейскіх краінах ўзнікаюць дзіўныя пытанні: ці сапраўды рэпрэсаваныя ўдзельнічалі ў мірнай дэманстрацыі? Ці не ўжывалі яны сілу ў адносінах да міліцыі? Для мяне такія пытанні проста абсурдныя", — адзначыла Агнешка.

Бяляцкі да сказанага дадаў, што з 1996 года ў Беларусі не было ніводнага дня без палітвязняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі