Бясплатныя візы на фестываль "Be2gether" да 1-га чэрвеня, квіткі даражэюць!

За квіточкам на запіс наконт выдачы візы можна звяртацца ў амбасаду Літвы з заўтрашняга дня. А набыць білеты на "Be2gether-2009" можна ўжо зараз! Удакладненыя тэрміны падачы дакументаў на бясплатную візу для паездкі на міжнародны музычны фестываль "Be2gether", які пройдзе з 12 па 14 чэрвеня каля замка Нарвілішкес у Літве. Дакументы на візу неабходна падаць да 1 чэрвеня (уключна). Між іншым, кошт на квіткі фестывалю будзе паступова расці.

Еўрарадыё дазванілася да консульскага аддзелу амбасады і даведалася пра ўмовы атрымання бясплатнай візы:

“Прыём дакументаў па папярэднім запісе з панядзелка па чацвер з 10-ай да 13-ай гадзіны. З сабой неабходна мець пашпарт”.

Тэрмін выдачы візы складае да 10 сутак, і пашпарт на гэты час застаецца ў пасольстве. Віза будзе выдавацца на тэрмін з 11 па 15 чэрвеня. Для таго, каб атрымаць яе, трэба мець дзейсны на неабходны тэрмін пашпарт са свабоднымі старонкамі, страхоўка на час знаходжання, каляровы фотаздымак (35 x 45 мм, 70% — твар), дзве часткі фестывальнага квітка (літоўская і беларуская — прадаюцца ў Беларусі толькі разам!), а таксама іх ксеракопіі. Акрамя гэтага ў самім консульстве трэба будзе запоўніць анкету, указаўшы мэту — наведванне фестывалю "Be2gether".

"Be2gether" ўжо ў трэці раз адбудзецца на мяжы Беларусі і Літвы. Пляцоўка фестывалю знаходзіцца ў 150 км ад Мінску на тэрыторыі Нарвілішскага замку. Выступы будуць амаль кругласутачна 12 і 13 чэрвеня, а завершацца ў абед 14-га чэрвеня.

"Мы збіраем цікавых артыстаў з усяго свету і робім усё, каб людзі з Беларусі таксама змаглі атрымаць асалоду ад іх музыкі і проста добра прабавіць час”, — распавядае арганізатар фестывалю Гедрыус Клімкявічус.

Як заўжды, на дзвюх пляцоўках фестывалю будзе горача — ад рока самых розных відаў да сінт-попу і танцавальных праектаў. Хэдлайнерамі ў гэтым годзе будуць Gogol Bordello (ЗША), Clawfinger (Швецыя), Touch And Go (Вялікабрытанія), Polarkreis 18 (Германія), Roni Size (Вялікабрытанія). Беларусь на галоўнай сцэне прадставіць "Ляпис Трубецкой".
Арганізатары фестывалю "Be2gether" назвалі Еўрарадыё яшчэ тры новыя гурты, якія выступяць сёлета на Нарвілішскай сцэне. Дозу стыльнай музыкі чакаем ад гуртоў: “Snake and Jet‘s Amazing Bullit Band“ (Данія), “Miloopa“ (Польшча) і “TV-OFF“.

Першапачатковы кошт квітка на ўсе дні фестывалю складае 142 тыс. рублёў. Аднак па меры набліжэння мерапрыемства кошт будзе расці (і ў Літве, і ў Беларусі). У бліжэйшы час у продажы з’явяцца квіткі  ўжо па 160 тысяч рублёў. Замовіць і набыць квіткі можна па тэлефонах: (029) 6 5555 96, (033) 6 5555 96, а таксама праз сайт www.soundline.by. Больш падрабязна аб удзельніках "Be2gether-2009" чытайце на афіцыйным сайце www.b2g.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі