Бяссмертны: Баюся, Януковіч не працягне пяць год як прэзідэнт

111011 Bezsmertny.mp3

Еўрарадыё: Юлія Цімашэнка атрымала сем гадоў пазбаўлення волі. Як можна ацаніць гэты прысуд з пункту гледжання гісторыі Украіны?

Раман Бяссмертны: Першае пачуцце, якое адольвае, калі спрабуеш аналізаваць сітуацыю — гэта вялізнае пачуццё сораму за краіну і дзяржаву, дзе ты жывеш і дзе суд прымае такое рашэнне. Безумоўна, гэтае рашэнне паўплывае і на стаўленне да Украіны як дзяржавы, і на ўнутраную сітуацыю ў краіне. Справа далёка не завершаная, бо наперадзе апеляцыя, касацыя, па самых сціплых разліках - гэта паўтары гады. Але ўсё адно, калі за палітычнае рашэнне чалавек пераследуецца крымінальна, тым больш калі гэта жанчына — гэта кажа пра нецывілізаванасць дзяржавы, пра нераўнамернае выкарыстанне нормаў права. І першыя, хто зверне на гэта ўвагу — еўрапейскія структуры, савет Еўропы, еўрапарламент. І найперш гэта ўдарыць па тэмпах падпісання Украінай дамовы пра асацыяцыю з Еўрасаюзам. Нягледзячы на тое, што ва Ўкраіне зараз шмат гавораць, што гэта не паўплывае, сама Цімашэнка некалькі разоў звярталася ў еўрапейскія інстытуты з просьбай, каб яны не звязвалі яе працэс з пытаннем падпісання асацыяцыі, але несумненна, сённяшні прысуд паўплывае на тэмпы і канчатковы вынік падпісання. Бо суд над Цімашэнкай, Луцэнкам, Івашчанкам і іншымі асобамі, што працавалі ва ўрадзе Цімашэнкі — гэта не асобныя факты, гэта сімптом, які Еўропа сёння ацэньвае адназначна як выкарыстанне нормаў права ў палітычнай барацьбе.

Еўрарадыё: А якой логікай у такім разе карыстаюцца ўлады Украіны?

Раман Бяссмертны: Калі прааналізаваць выказванні абодвух бакоў, то ў гэтай сітуацыі яўна праглядаецца, што ў працэсе дамінуюць эмоцыі, а не рэгламент і закон. У пазіцыі Януковіча і пракуратуры дамінуе пачуцце помсты. Відавочна, што падзеі, якія адбыліся ва Ўкраіне ў 2004-2005 годзе, раз'юшылі Януковіча і яго атачэнне, і тое, што цяпер адбываецца — гэта жаданне адпомсціць. А пачуцце помсты — гэта самы кепскі дарадца, бо гэта пацягне за сабой зваротны працэс. Калі вы звярнулі ўвагу, сёння калі суддзя Кірэеў зачытваў прысуд, у звароце Цімашэнкі да грамадзянаў яўна чулася, што прыйдзе час, калі і на нашай вуліцы будзе свята. Відавочна, што Украіну чакае ўнутранае абвастрэнне палітычнага канфлікта. Ці то развязка будзе ў выніку датэрміновых парламенцкіх выбараў, ці датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў, ці сур’ёзнага сацыяльнага канфлікту паміж уладай і народам. Але тое, што сённяшні прысуд абвострыць адносіны паміж уладай і людзьмі — гэта відавочна. 

Еўрарадыё: Няўжо жаданне адпомсціць у Януковіча мацнейшае за жаданне падпісаць дамову з Еўрасаюзам і развіваць выгаднае для Украіны супрацоўніцтва?

Раман Бяссмертны: Зразумела, што людзі са здаровым розумам, якія ўмеюць лічыць і бачаць перспектывы развіцця дзяржавы, перамаглі б у сабе пачуцце помсты. Але сёння ва ўлады нестае ні інтэлекту, ні аналізу, каб спыніць гэта. Сёння па тым, як Януковіч і яго атачэнне нервова ўспрымаюць пытанні пра Цімашэнку, па іх выказваннях бачна,  што дамінуе менавіта пачуцце помсты. Натуральна, сёння ідзе рэзкае падзенне рэйтынгу Януковіча і падтрымкі з боку насельніцтва, што сведчыць пра тое, што развязка блізкая. Баюся, што пры такой дынаміцы развіцця сітуацыі гэты прэзідэнт не працягне пяць год.

Еўрарадыё: А суддзі цалкам падпарадкоўваюцца ўказам зверху?

Раман Бяссмертны: Даследаванні паказваюць, што больш за 60 адсоткаў насельніцтва не давяраюць судам. А суд над Цімашэнкай, які амаль штодня трансляваўся онлайн праз інтэрнэт і тэлебачанне, паказаў, што суды, на жаль, не гатовыя выконваць ролю трэцяй галіны ўлады, быць арбітрам у канфліктах паміж грамадзянамі, грамадствам і ўладай. Гэты факт, несумненна, таксама будзе ўлічвацца Еўропай падчас падпісання дамовы пра асацыяцыю. На жаль, апошнія працэсы паказваюць, што сёння украінскія суды не могуць быць названыя незалежнымі, а суддзі і пракуратура знаходзяцца ў такой сітуацыі, што падпяваюць адміністрацыі прэзідэнта.

Еўрарадыё: Ці мае Украіна, як і Беларусь, і Расія, шанец  выбрацца з-пад улады гэтага постсавецкага аўтарытарызму?

Раман Бяссмертны: Несумненна, усе тры дзяржавы рана ці позна стануць цывілізаванымі. І грамадствы, людзі даўно да гэтага гатовыя. Грамадскі авангард, эліта, істэблішмэнт усіх трох краін даўно жыве еўрапейскімі каштоўнасцямі і ідэаламі. Што датычыцца дзяржаваў і ўладаў — тое, што засталося ад савецкіх спосабаў кіравання, трэба скінуць з цягніка, рухаючыся ў Еўропу. Гэта і метадалогія працы, і адсутнасць дэмакратычных механізмаў кіравання краінамі. Як скінуць — праводзіць рэформы, а для гэтага патрэбныя новыя людзі ва ўладзе. Грамадскія інстытуцыі, тое, што называецца, трэці сектар — для станаўлення любой краіны вельмі важна. Палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі, прафесійныя саюзы — гэта тое, што адкрые шлях да выхаду ва ўладу людзей, здольных да правядзення рэформаў. Змяніўшы людзей ва ўладзе, ўсе тры краіны маюць велізарныя шанцы стаць паўнапраўнымі членамі еўрапейскай супольнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі