"Чаму ўсе супакойваюцца пасля трох". Колькі братоў у Шэрлака? (спойлеры!)
Яшчэ ў канцы трэцяга сезона серыяла "Шэрлак" стала зразумела, што ёсць яшчэ адзін Холмс. Пра гэта сказаў Майкрафт у канцы трэцяга эпізоду. У арыгінале ён кажа: “I’m not given to outbursts of brotherly compassion. You know what happened to the other one”. Пераклад гучыць так: "Я не паддамся парывам братняй спагады. Вы ведаеце, што здарылася з іншым/іншай".
Многія вырашылі, што ёсць трэці брат Холмс і ў першай серыі чацвёртага сезона мы нібыта пачулі імя: Шэрынфорд. У канцы эпізоду Майкрафт заўважае на сваёй лядоўні пад рэкламнай улёткай рэстарана стыкер з надпісам "13-ты", ён некуды тэлефануе і кажа: "Злучыце мяне з Шэрынфордам, калі ласка. Так, я пачакаю".
Але ў другім эпізодзе з’яўляецца сястра Шэрлака — Эўр (Euros) Холмс. Фанаты серыяла пачынаюць гадаць, хто ж такі Шэрынфорд, калі трэці Холмс не брат, а сястра. Чаму Шэрлак яе не пазнаў і ўвогуле, дзе яна была ўвесь гэты час.
Пачынаюць з’яўляцца версіі, што Эўр — сястра, але ёсць яшчэ і брат, альбо Эўр гэта брат, які змяніў пол. Ёсць і больш верагодная, але пачнём спачатку.
Чаму многія думалі пра брата, а з’явілася сястра?
Майкрафт казаў: "You know what happened to the other one". Гэта можна перакласці, як "што здарылася з іншым", альбо "іншай". Таму, магчыма, Майкрафт і не меў на ўвазе брата.
Эўр гэта мужчынскае імя. Так у грэчаскай міфалогіі называўся усходні вецер, які прыносіць шмат разбурэнняў. Казкай, пра усходні вецер, які "ўнясе нас усіх", Майкрафт пужаў Шэрлака з дзяцінства.
Імя Шэрынфорд было адным з патэнцыйных імёнаў Конан Дойля для персанажа Шэрлака Холмса. Гэта знайшлі ў яго запісах. Фанаты сталі звязваць гэтае імя з трэцім старэйшым братам, але, магчыма, Шэрынфорд гэта не чалавек, а месца.
Тут зноў цяжкасці перакладу.
У арыгінале Майкрафт кажа: "Put me through to Sherrinford, please. Yes, I’ll wait". Гэта можа значыць, што ён просіць да тэлефона нейкага чалавека, альбо просіць злучыць яго з нейкім месцам. Гэта ж мы чуем і другі раз у размове з Лэдзі Смолвуд.
— Do you still speak to Sherrinford?
— I get regular updates.
— And?
— Sherrinford is secure.
— Вы яшчэ падтрымліваеце сувязь з Шэрынфордам?
— Мне рэгулярна дакладваюць аб сітуацыі.
— І?
— Шэрынфорд у бяспецы. (У Шэрынфордзе бяспечна).
Дзе ўвесь час была сястра Шэрлака і чаму ён яе не пазнаў?
Існуе версія, што падчас сустрэчы з сястрой у другім эпізодзе Шэрлак быў пад кайфам таму і не пазнаў. Але, хутчэй за ўсё, у дзяцінстве здарылася нешта, пасля чаго Шэрлак сцёр сястру з памяці, як сцірае інфармацыю пра Сонечную сістэму.
Эўр магла з дзяцінства праяўляць задаткі маньяка і забойцы. І менавіта яна магла забіць сабаку, якога так любіў Шэрлак — Рэдберда. Пасля чаго Майкрафт ізаляваў Эўр і ўвесь час яе ўтрымлівалі ў нейкім сакрэтным месцы ці вар'ятні пад назвай Шэрынфорд.
Тое, што нейкае здарэнне ў дзяцінстве, звязанае з Эўр, мела месца і вельмі паўплывала на Шэрлака пацвярджаюць словы Майкрафта ў трэйлеры трэцяга эпізоду: "Кожны выбар, які ты калі-небудзь зрабіў у жыцці, кожны шлях, які ты абіраў, той, хто ты ёсць сёння — усё гэта ёсць адлюстраванне тваіх успамінаў пра Эўр".
"Чаму ўсе супакойваюцца пасля трох"
Але нельга выключаць, што у Майкрафта і Шэрлака акрамя сястры ёсць яшчэ і брат. На гэта намякаюць словы самога Холмса, калі ён кажа пра тры дыктафоны, знойдзеныя ў яго паліто: "Чаму ўсе супакойваюцца пасля трох".