Чарнобыльцы з Астраўца: “З'ехалі ад адной АЭС, а патрапілі на іншую"

Еўрарадыё нечакана знайшло ў Астравецкім раёне, дзе будуць будаваць першую беларускую АЭС… чарнобыльцаў, якія перасяліліся сюды, каб збегчы далей ад мірнага атама Шмат людзей, якія з'ехалі з чарнобыльскай зоны, абралі новым месцам жыхарства менавіта Астравеччыну з-за яе добрай экалогіі. Алесь Буявідовіч працуе зубным тэхнікам у Міхалішскай бальніцы. Астравецкая АЭС будзе пабудаваная ў некалькіх кіламетрах ад яго жытла. Паводле яго слоў, амаль 20 год таму з'язджаў з Гомелю ў максімальна аддаленае месца ад чарнобыльскай зоны. Прыехаў….

Алесь Буявідовіч: "Я скончыў медыцынскае вучылішча ў 1991 годзе. І мы з жонкай адразу ж пераехалі ў Міхалішкі. Пераехалі, бо чакалі дачку і баяліся, што наступствы чарнобыльскай аварыі паўплываюць на здароўе будучага дзіцяці".

Алесь Буявідовіч лічыць, што яны з'ехалі своечасова, таму і праблем з здароўем няма ні ў яго, ні ў жонкі, ні у дачкі. Акрамя сям'і Буявідовічаў у Міхалішках жыве яшчэ некалькі сем'яў-перасяленцаў. Спачатку яны былі рэзка супраць будаўніцтва АЭС — цяпер больш хвалюе, ці будзе праца.

Алесь Буявідовіч: "Рэакцыя на будоўлю АЭС спачатку была рэзка адмоўнай. Але зараз я не ведаю, што думаць. Многія суседзі чакаюць адкрыцця станцыі, таму што чакаюць працы. З аднаго боку, мне і не хочацца, каб была АЭС, а з іншага — людзям патрэбная праца. Хацелася б уехаць адсюль, але я не ведаю куды".

Рэдактар раённай газеты "Астравецкая праўда" Ніна Рыбік пераехала ў Астравец з Хойнікаў у 1989 годзе. Астравец яна абрала, таму што гэта было вельмі прыгожае і чыстае месца, была праца і далі жыллё. Калі даведалася пра планы на будаўніцтва АЭС у іх раёне, вельмі здзівілася. Але пратэставаць супраць станцыі Ніна Рыбік не збіраецца.

Ніна Рыбік: "Не, пратэставаць я не збіраюся — і не таму, што страшна. Першай рэакцыяй было здзіўленне, што толькі з'ехалі ад адной АЭС і адразу ж на іншую патрапілі. Але ж нельга ўсё жыццё жыць у страху. Мы з-за страху і з'ехалі з Хойнікаў. Не такія былі цяжкія наступствы для здароўя, але быў сталы страх за дзяцей. Заўсёды баяліся іх нават у пясочніцу выпускаць".

"Чарнобыльскі сіндром" пераадолены, кажа Ніна Рыбік, і калі так склаўся лёс, то яна будзе жыць побач з першай беларускай АЭС.

Ніна Рыбік: "У Астравец прыехала шмат людзей з чарнобыльскай зоны. Я з імі падтрымліваю стасункі, і зараз ужо ўсе падтрымліваюць будаўніцтва АЭС. Мы ўжо пераадолелі "чарнобыльскі сіндром". Бо калі аднойчы патрапіў у аўтааварыю, гэта ж не значыць, што ніколі больш не сядзеш у машыну. Калі нас сюды закінула і тут будуюць станцыю — значыць так трэба".

Фота - photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі