Чарнобыльскую зону паволі "рэабілітуюць"
У многіх зонах Касцюковіцкага раёна, аднаго з найбольш пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі, адменены кантрольна-прапускны рэжым.
Калегія Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС МНС Беларусі вырашыла, што ўзровень радыяактыўнага забруджвання ў гэтых зонах істотна панізіўся. Цяпер грамадзянам, якім раней забаранялася нават перасякаць межы гэтых участкаў, тут дазволена свабоднае перамяшчэнне.
Пад «рэабілітацыю» патрапілі амаль тысяча гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў, звыш 10 кварталаў лесу, а таксама тэрыторыі некаторых раней пахаваных населеных пунктаў.
Зрэшты, свабодны доступ у названыя месца не азначае, што з гэтага часу там можна без абмежаванняў займацца гаспадарчай дзейнасцю. Вырошчваць сельгаскультуры, пасвіць жывёлу, збіраць грыбы і ягады тут па-ранейшаму забаронена.
З выкарыстаннем гэтых тэрыторыяў вызначацца пасля правядзення вопытных даследаванняў, паведамляюць "Могилевские ведомости”.