“Чароўны трус” упершыню ў беларускім клубе! (Фота+відэа)

Юра Дземідовіч заспяваў у мінскім клубе “Графіці” падчас “Ultra-Music Awards‘2009”


За два тыдні да “Рок-каранацыі” свае вынікі 2009 года падсумаваў сайт Ultra-Music. Сёлета заснавальнік “Ultra-Music Awards” Вячаслаў Радзівонаў вырашыў зрабіць прэмію публічнай і 20 лютага сабраў лаўрэатаў у клубе “Графіці”.



У “Графіці”, як заўжды, было ні ўстаць, ні сесці. Але трэба сказаць, гледачы апынуліся ў даволі дзіўнай сітуацыі. Моладзь, якая актыўна скокала ля барнай стойкі пад "The Blackmail" ды “Akute”, абалдзела лыпала вачыма, калі на сцэну выйшаў гурт “The UNB”.

"The Blackmail", "Адкрыццё года" па версіі наведнікаў Ultra-Music:







"Akute", аскепкі магілёўскага гурта "Глюкі", атрымалі ад Ultra-Music дыплом у намінацыі "Дэбют года":





“The UNB” перамаглі на UMA'2009 ў намінацыі "Легенда беларускага рока". Час рок-дыназаўраў з сярэдзіны 1990-х сышоў...







З гасцёў UMA’2009 хіба што Юру Дземідовіча любяць і паважаюць абсалютна ўсе. 20 лютага хлопчык упершыню выйшаў на сцэну беларускага клуба. Натуральна, ён пачаў са сваёй візітоўкі  — "Чароўнага труса" — а пасля выканаў некалькі новых песень (глядзіце відэа ўнізе).









Пасля выступу Юра Дземідовіч даў Еўрарадыё кароткае інтэрв'ю і падпісаў адзін з прома-дыскаў, выдадзеных да "Еўрабачання".



Еўрарадыё: Якую кнігу ты зараз чытаеш? Бо ты казаў раней, што ўзгадваў "Алісу ў краіне цудаў", калі пісаў "Чароўнага труса". Цікава, чаго чакаць надалей.

Юра Дземідовіч: "Ну добра, скажу. Зараз я прачытаў "Вайну і мір" Талстога. А па школьнай праграме дачытваю "Алыя ветразі".



Еўрарадыё: Цябе не бянтэжыць, што людзі танчаць пад твае песні?

Юра Дземідовіч: "Я б не сказаў, што яны танчылі, калі я спяваў. Яны танчылі дагэтуль. Але калі я пачаў спяваць, яны селі  і пачалі слухаць. Ну а некаторыя стаялі, але не танчылі".



Еўрарадыё: З кім з беларускіх музыкаў, акрамя "Камераты", табе хацелася б заспяваць разам ці запісаць песню?

Юра Дземідовіч: "Насамрэч, у мяне куміраў няма ўвогуле. Ёсць такія, якія мне падабаюцца. Але я нічога не хачу казаць, бо яшчэ зарана. Усё будзе так, як будзе, і ўсё будзе добра!"

Першы паўнавартасны альбом Юры Дземідовіча мяркуецца выдаць у красавіку-траўні, кажа яго мастацкі кіраўнік Уладзімір Глушакоў:

Уладзімір Глушакоў:
"Мы яму рыхтуем альбом. Вось вы чулі "Холестерин". Яшчэ там будзе песня на вершы японскіх паэтаў, якая называецца "Стала просторней душа". Карацей, будзе неардынарная праграма. Але аддаем перавагу моцнай энергетыцы".



Павіншаваць Юру падыйшоў нават Піт Паўлаў, які атрымаў ад Вячаслава Радзівонава спецыяльны прыз за фэст "Жывы гук On-line". Праўда, на пажаданні поспеху ад гітарыста N.R.M. хлопчык адрэагаваў дзяжурным "Дзякуй, вам таксама!"



А вось "The Toobes", якіх наведнікі сайта Ultra-Music назвалі "Прарывам года", нікога ні з чым не віншавалі. Проста выйшлі на сцэну, забралі дыплом і сыйшлі.



Атрымалі свой спецпрыз і, так бы мовіць, гаспадары мерапрыемства — Нік Маторын і Ян Бусел, якія кіруюць творчымі працэсамі ў паб-клубе "Графіці".



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі