Чатыры гады таму адбыўся тэракт у мінскім метро

11 красавіка — гадавіна тэракта ў мінскім метро. Чатыры гады таму ў 18.00 на станцыі метро “Кастрычніцкая” прагрымеў выбух. Як раз была гадзіна-пік і да станцыі падышоў перапоўнены цягнік, які рухаўся з боку “Уручча”. На месцы загінула 12 чалавек, пазней яшчэ трое памёрлі ў лякарнях. 192 чалавекі лічацца пацярпелымі ў гэтай трагедыі.

Падазраваных у арганізацыі і здзяйсненні тэракту затрымалі на наступны дзень. Пецярых маладых людзей “узялі” на здымнай кватэры ў доме па вуліцы Караля ў Мінску. Пра іх арышт паведамілі праз два дні, 14 красавіка — такую інфармацыю агучыў намеснік генеральнага пракурора Беларусі Андрэй Швед. Пазней траіх падазраваных адпусцілі і пад вартай засталіся толькі двое фігурантаў справы — жыхары Віцебска Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Ім і выставілі абвінавачанне ў арганізацыі тэракту.

Суд па гэтай справе быў неадназначна ўспрыняты ў грамадстве. У некаторых удзельнікаў працэсу ён пакінуў шмат пытанняў і не даў чаканых адказаў. Але, нягледзячы на розныя неадпаведнасці і немагчымасць адвакатаў прывесці ўсе свае довады, абодвум абвінавачваным далі растрэл.

Пасля прысуду маці Уладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва пачала змагацца за жыццё свайго сына: яна звярталася да Аляксандра Лукашэнкі, у ААН, ЕС. Тым не менш, прысуд быў выкананы, хоць Кавалёў да гэтага падаў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Хроніка тэракту на станцыі "Кастрычніцкая" (фота+відэа)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі