Чатыры тысячы ўкраінцаў захацелі збіраць ягады ў Беларусі
Усе яны будуць пераходзіць мяжу ў адмыслова створаных для ягаднікаў пунктах пропуску.
Яны адкрыліся на ўчастку Палескага лясгаса на мяжы Беларусі і Украіны. У першыя ж дні прыкладна 4 тысячы ўкраінскіх грамадзян выказалі жаданне імі скарыстацца, паведамілі БЕЛТА ў Дзяржпагранкамітэце Беларусі.
Усяго такіх пунктаў будзе тры, яны будуць працаваць з 1 ліпеня па 10 жніўня – у сезон збору чарніцы. З 30 жніўня па 15 лістапада пункты пропуску ягаднікаў адкрыюць ізноў — для збору журавін. Пускаць у Беларусь будуць жыхароў дзесяці памежных украінскіх вёсак. Прычым беларускія памежнікі плануюць назіраць і за працэсам збору ягад украінцамі. Зроблена гэта для таго, каб украінцы не парушалі правілы збору і не карысталіся так званымі “камбайнамі”. Парушальнікаў аштрафуюць і больш у нашу краіну па ягады не пусцяць.