Чэхія прызнала беларусаў нацыянальнай меншасцю
У сераду 3 ліпеня чэскі ўрад пастанавіў прызначыць прадстаўнікоў беларусаў у Дзяржаўную раду па нацыянальных меншасцях.
У Чэхіі прызнанне нацыянальнай меншасцю аўтаматычна дае права на дзяржаўную падтрымку. Дагэтуль статус меншасці мелі 12 нацыянальнасцяў: балгары, харваты, венгры, немцы, палякі, славакі, сербы, цыгане, русіны, рускія, грэкі, украінцы. Разам з беларусамі нацыянальнай меншасцю прызналі таксама в'етнамцаў, паведамляе “Радыё “Свабода”.
Нацыянальныя меншасці ў Чэхіі павінны адпавядаць двум асноўным умовам: іх супольнасць павінна гістарычна дзейнічаць на тэрыторыі Чэхіі (дакладны час законам ня вызначаны), і мець дастатковую колькасць членаў з чэшскім грамадзянствам (іх колькасць таксама ня вызначана). На дадзены момант у Чэхіі афіцыйна зарэгістравана некалькі тысяч беларусаў.