Cherryvata + Алег Скрыпка — вось гэта дуэт!

На фэсце "Дні правільнай беларускай музыкі", што прайшоў у Кіеве, беларускія электроншчыкі з "CherryVata" зайгралі сумесны дыджэйскі сэт з Алегам Скрыпкам. Усе засталіся задаволеныя, а "CherryVata", хутчэй за ўсё, чакае далейшая супраца з украінскім музыкам. 


25-26 лістапада ў Кіеве адбыўся фэстываль пад назвай "Дні правільнай беларускай музыкі". На сцэне выступілі 10 беларускіх каманд. Да іх таксама далучыўся і лідар гурта "Воплі Відаплясава" Алег Скрыпка. Пры чым, Алег і каманда "CherryVata" зайгралі сумесны сэт.

Па словах Алега Ціханава, арганізатара імпрэзы, Скрыпка планаваў спачатку выступіць з этна-трыа "Троіца", але калі на сцэне грала "CherryVata", то немагчыма было ўстаяць. 

"Пачала "CherryVata", падыйшоў Скрыпка і кажа: Алег, гэта штосьці крутое! Я кажу: што? Ён: "CherryVata".  Дык ідзі на сцэну! — кажу я.  Што, проста зараз? — пытаецца Скрыпка. Давай на сцэну!  Вось так нашыя хлопцы і сыгралі гэты сэт" — распавёў Алег Ціханаў.



Калі мы распыталі Алега Скрыпку пра такі незвычайны музычны досвед, то аказалася, што яму "дуже подоболось". 

"Па-першае - неспадзявана. Гэта быў такі эксперымент. Я не думаў, што буду граць дыджэйскі сэт ўжывую з музыкантамі. Я рабіў гэта ўпершыню. Але хлопцы высокапрафісійна мяне падтрымалі. Гучала класна!" — падзяліўся ўражаннямі Алег Скрыпка

Задаволенымі засталіся і ўдзельнікі "CherryVata". 

"Так, вельмі добра атрымалася. Мы яго яшчэ і каньяком частавалі. Думаю, што не спадабацца не магло. А ўвогуле мы любім джэмаваць. З кім заўгодна можам гэта зрабіць. Паглядзім, што там далей будзе. Не выключана, што мы яшчэ дзе-небудзь перасячэмся і разам пайграем" — распавёў заснавальнік каманды "CherryVataDiamos Roll, ён жа Дзіма.

Арганізатар фэсту Алег Ціханаў распавёў нам, што шмат каму спадабаўся выступ беларускіх электроншчыкаў. А па словах удзельніка "CherryVata", пасля канцэрту камандзе паступілі прапановы сыграць у некалькіх гарадох Украіны, у тым ліку ў Кіеве. Але гэта яшчэ не ўсё! 

"Наколькі мне вядома, Скрыпка робіць фэстываль і ён хоча нас там пабачыць. Але гэта яшчэ асабліва не абмяркоўвалася. Думаю, што не будзе праблем. Паедзем, канечне!" — дадаў Diamos Roll

Пакуль што застаецца чакаць навінаў ад дуэту "CherryVata" і Алега Скрыпкі. Спадзяемся, усё  ў іх будзе шакаладна!

Вашай увазе відэа з фэста “Дні правільнай беларускай музыкі“.
Выступ Алега Скрыпкі і CherryVata.



У інтэрв'ю Еўрарадыё Алег Скрыпка распавёў, што набывае, калі вяртаецца з Беларусі. Выказаў глыбокія пачуцці да беларускай музыкі і, увогуле, cказаў,  што мае беларускія карані. Чытайце вялікае інтэвр'ю неўзабаве на euroradio.fm

За “пірацкія“ фота і відэа дзякуй Алегу Ціханаву!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі