Чэшскім студэнтам налівае рэктар

Каб запрасіць любімых музыкаў на ўніверсітэцкія імпрэзы, чэшскія студэнты самастойна шукаюць спонсараў, калі хочуць выпіць — не хаваюцца ад выкладчыкаў у пабах, і нават дэпутаты ідуць не да каго іншага, а ў студэнцкія тэатры, каб тыя дапамаглі заманіць людзей на выбары. Героямі сённяшняга “Тэлепорта ў Чэхію” стануць студэнты, жыццё якіх у гэтай краіне няхай і не кардынальна, але сур’ёзна адрозніваецца ад беларускіх рэалій. Гаворка не ідзе пра сістэму адукацыі ці стаўленне студэнтаў да навучання. Мы пагаворым пра вольны час ды студэнцкія імпрэзы.



Да прыкладу, выкладчыкі так давяраюць моладзі, што не займаюцца падрыхтоўкай да дня нараджэння факультэта ці ўніверсітэта і нават не правяраюць, што прыдумалі маладзёны. Паводле словаў доктара філасофіі беларускага паходжання, які працуе ў Чэхіі і пажадаў застацца інкогніта, студэнты штогод праводзяць так званы Маялес (Majales):

Доктар філасофіі чэшскага ВНУ: “Гэта студэнцкі фестываль, дзе выбіраецца кароль, які становіцца студэнцкім каралём на цэлы год. Раней яго арганізоўвалі выключна студэнты, але цяпер фірмы заўважылі, што можна зарабіць грошы, і яны ладзяць вялікі канцэрт з вядомымі гуртамі. Студэнты там таксама ёсць, але цяпер гэта больш бізнэс”.

Была і яшчэ адна буйная імпрэза, арганізаваная моладдзю. Ладзілася яна ў цэнтры Прагі на востраве ракі Влтава. Праўда, ў горадзе існуе закон: пасля 22-ой гадзіны на вуліцах павінна быць ціха. Гэты факт і спыніў штогадовую арэнду вострава, але не спыніў студэнцтва, якое ўвесь час прыдумляе розныя фестывалі, хоць бы і невялікія. На адным з такіх — святкаванні дня нараджэння гуманітарнага факультэта — пашанцавала пабываць і Еўрарадыё.

Адразу здзівіла тое, што усё мерапрыемства праходзіла не ў актавай зале, а ва ўнутраным дворыку, дзе стаяла сцэна і шапік з віскі, півам і невялічкімі закускамі. На разліве стаяў рэктар універсітэта, а на сцэне граў рок-гурт выкладчыкаў.



Як распавёў прафесар філалогіі Дон Спарлінг, ў Чэхіі прынята адзначаць усе святы разам.

Дон Спарлінг: “Гэта вельмі дэмакратычнае грамадства. Ты можаш сядзець у пабе і размаўляць з чалавекам, які з’яўляецца прафесарам ва ўніверсітэце, пры тым, што ты яго студэнт. І ты можаш размаўляць з ім пра ўсё, што захочаш”.

Але не толькі такі падыход да адпачынку ўражвае: студэнты, якія не зацікаўленыя такім ходам імпрэзы, ладзяць свае, крыху меншыя, але не менш захапляльныя. Напрыклад, адначасова з выступам гуртоў у актавай зале праходзіў тэатральны марафон. У ім таксама на роўных удзельнічалі і студэнты, і выкладчыкі.



Як высветлілася, студэнты самастойна збіраюць трупы: ім для гэтага не трэба прарэктараў па выхаваўчай працы ці культмас-супрацоўнікаў. Як распавёў адзін з такіх акцёраў Адам Палажовіч, яны нават ладзяць спаборніцтвы паміж сабой і фестывалі па ўсёй Чэхіі, а п’есы пішуць самі:

Адам Палажовіч: “Хоць прафесійных акцёраў у нас няма, атрымліваецца па 8-11 спектакляў на год у абсалютна розных месцах. Мы выступаем па паўтары гадзіны са складанымі шасціактавымі п’есамі, але важна, што пішам усё самі. А днямі нас запрасілі дапамагчы з перадвыбарнай кампаніяй, паглядзім, што атрымаецца”.

Культурны ген не дае спакою чэшскім студэнтам, і яны атрымліваюць ад гэтага асалоду. А самае галоўнае, што выкладчыкі да іх ставяцца як да дарослых і роўных, а не робяць выгляд такога стаўлення. І нават студэнтам, што "падгулялі" ўвечары, на наступны дзень ніхто нічога не сказаў — бо гэта іх выбар і іх жыццё.

Фота: Міла Котка

Удзельнічай у конкурсе "Тэлепорт у Чэхію" і выйграй 2 квіткі ў Прагу!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі