Чыноўнікі патрабуюць ад "Крамы" пакаяння

Учора, 12 сакавіка каардынатар праекту Тузін Гітоў Сяргей Будкін, арганізатар канцэртаў Павал Кашырын і юрыст Валянцін Стэфановіч наведалі ўпраўленне культуры Мінгарвыканкаму, каб яшчэ раз паспрабаваць дабіцца дазволу на правядзенне канцэрту гурта "Крама". Пра тое, што адказалі чыноўнікі і да чаго прывяла размова, нам расказаў Валянцін Стэфановіч:

“Яны казалі: маўляў, што вы сюды ходзіце? Ідзіце ў аддзел ідэалогіі Адміністрацыі прэзідэнта, і там яны ўсе пытанні вырашаць. Хаця ёсць парадак арганізацый, зацверджаны Саветам Міністраў, там ніякага аддзела ідэалогіі няма.

Гучалі словы, што ўсе музыкі павінны пакаяцца, тады ім усё даруюць, тады будуць дазваляць іхнія канцэрты. Толькі ў чым пакаяцца — незразумела, відаць, у сваёй грамадзянскай пазіцыі.

Потым ішлі размовы: калі вы паабяцаеце, што не будзе ніякіх палітычных рэчаў на канцэрце, не будзе ніякай незарэгістраванай сімволікі, можа быць, тады будзе дазвол.

Мая такая была парада, што трэба звяртацца пісьмова, бо ўсё гэта гучыць у вусных формах.

У адпаведнасці з гэтым палажэннем, якое б яно ні было, трэба падаваць заяўку і дадатковую заяву ад імя арганізатара, дзе напісана, што такая заяўка пададзена, прашу даць мне пісьмовы адказ, у тым ліку матываваны адказ у выпадку адмовы на правядзенне канцэрту”.


Дадам, што калі браць само палажэнне, то там натуральна няма ні слова пра тое, што нельга выкарыстоўваць нейкія палітычныя рэчы. Ёсць некалькі падставаў, каб не дазволіць канцэрт.

Гэта супадзенне мерапрыемстваў у памяшканні і наяўнасць іншых падставаў, якія перашкаджаюць правядзенню гэтага мерапрыемства. Але якія такія іншыя, гэта ўсё павінны растлумачыць.

І яшчэ адно, у палажэнні напісана, што ўсе гэтыя працэдуры створаныя для кантролю за якасцю мастацкага ўзроўню канцэртаў, а таксама прадухілення прапаганды гвалту, жорсткасці, парнаграфіі і іншых супрацьзаконных і антыграмадскіх з’яваў.

Вядома ж, нічога з пералічанага гурт "Крама" на сваім канцэрце рабіць не збіраўся. Зараз арганізатары плануюць даслаць пісьмовую заяўку і чакаць матываванага адказу. Таму шанец на правядзенне канцэрту яшчэ застаецца, але невялікі.

Фота: www.nestor.minsk.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі