Ці быў бацька ўкраінскага прэм’ера Януковіча “паліцыянтам” на Беларусі?

Еўрарадыё высветліла, што падпалкоўнік Зайцаў, які падпісаў рассакрэчаны дакумент НКВД, дзе гаворыцца пра “пасобніка нямецкіх акупантаў Фёдара Януковіча”, рэальны чалавек. Але ў весцы Янукі пра Фёдара не памятаюць Скандальная заява, быццам бацька ўкраінскага прэм’ер-міністра Віктара Януковіча быў паліцыянтам у Беларусі падчас нямецкай акупацыі, абляцела многія ўкраінскія СМІ. Прычым сцверджанне было падмацаванае дакументам з архіўных збораў Міністэрства ўнутраных спраў СССР.

11 красавіка 1945 года намеснік начальніка ўпраўлення НКГБ па Баранавіцкай вобласці падпалкоўнік дзяржбяспекі А. Зайцаў накіраваў “абсалютна сакрэтны” ліст начальніку УНКВД па Сталінскай вобласці:

“У сувязі з расследаваннем УНКГБ па Баранавіцкай вобласці БССР справы аб дэзерцірстве і пасобніцтве нямецка-фашыстоўскім акупантам прапаную Вам этапіраваць ў распараджэнне УІТЛК НКВД БССР наступных грамадзян, якія знаходзяцца на спецпасяленні ў Сталінскай вобласці УССР...”. Далей ідзе спіс з пяці асобаў. Сярод іх ёсць і “Януковіч Фёдар Уладзіміравіч, 1923 г. н., ураджэнец в. Янукі Віцебскай вобласці”.

Як высветліла Еўрарадыё, падпалкоўнік Зайцаў, які падпісаў дакумент, рэальная асоба. Пра гэта кажа Аляксандр Татаранка, даследчык рэпрэсіўнай палітыкі савецкіх карных органаў на тэрыторыі былой Баранавіцкай вобласці, аўтар кнігі “Недазволеная памяць”:

“Ён у 1951-54 гады ачольваў у Баранавічах упраўленне НКВД, а да таго часу быў намеснікам. Начальнік упраўлення палкоўнік Зайцаў. Гэта значыць, быў такі”.

Еўрарадыё вырашыла пашукаць звесткі пра бацьку Віктара Януковіча на яго радзіме. Па словах спецыяліста ідэалагічнага аддзела Докшыцкага райвыканкама Івана Азевіча, дзед Януковіча выехаў з Янукоў яшчэ да 1917 года:

“Януковіч двойчы быў на магілах сваіх продкаў, тут пахаваны брат яго дзеда. Магілу паказвалі старажылы. Расказвалі, што ў свой час яны з’ехалі на шахты, здаецца, у Данецкую вобласць”.

Калі так, тады бацька ўкраінскага прэм’ера па-за падазрэннямі. Каб спраўдзіць час яго ад’езду, мы патэлефанавалі ў вёску Янукі, дзе зараз толькі чатыры жылыя дамы. Найстарэйшая жыхарка вёскі 70-гадовая Аквілінія Януковіч няшмат чым дапамагла:

“Мы не помнім! Нашыя бацькі — і тыя маладзейшыя за яго дзеда. Казалі, што дзед яго паехаў адгэтуль яшчэ маладым хлопцам. І там на Украіне быў яго брат ажаніўшыся на ўкраінцы. І ён паехаў да брата. Брат вярнуўся з сям’ёй сюды, а гэты там застаўся. Старых, якія ведалі, ужо няма, яны памерлі”.

Аквілінія Януковіч не памятае Фёдара Януковіча, таму так і застаецца таямніцай, быў гэты “пасобнік нямецкіх акупантаў” бацькам прэм’ера ці проста цёзкам па прозвішчы. Аднак у афіцыйнай біяграфіі прэм’ера чытаем: “Віктар Януковіч нарадзіўся 2 ліпеня 1950 года ў Данецкай вобласці (былая Сталінская вобласць). Яго бацька Фёдар Уладзіміравіч, 1923 года нараджэння ў той час працаваў машыністам паравоза”.

Тэарэтычна ўсё супадае…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі