Ці дойдзе чарга да Беларусі ў грандыёзным скандале з “Панамскім дасье”?

Ці дойдзе чарга да Беларусі ў грандыёзным скандале з “Панамскім дасье”?

Публікацыя звестак пра карупцыйныя схемы, якімі карысталіся палітыкі, члены іх сем’яў, акцёры, спартоўцы і многія іншыя, скалыхнулі свет і асабліва суседнія з Беларуссю краіны.

Сярод 14 тысяч прозвішчаў сустракаюцца Пуцін і Парашэнка, а вось Лукашэнкі няма. Не паведамляецца і пра іншыя гучныя імёны з нашай краіны. Еўрарадыё звязалася з кіраўнікамі журналісцкіх арганізацый, якія рулілі працэсам распрацоўкі “Панамскага дасье”. Аднак архіў пакуль да канца не разабраны. Да таго ж, замежныя журналісты маглі прапусціць згадкі пра нашу краіну, палічыўшы іх неістотнымі. Ці ўсплыве нешта, звязанае з Беларуссю, пакуль незразумела.

 

Што такое “Панамскае дасье”?

 

Гэта самы буйны кампрамат, звязаны з афшорнымі кампаніямі і людзьмі, якія маюць да гэтага дачыненне. Легендарны зліў “Вікілікс” у 2006 годзе налічваў у шмат разоў менш дакументаў, чым “Панамскае дасье”.

Першапачаткова ўвесь архіў прызначаўся для ўнутранага карыстання юрыдычнай кампаніі Mossac Fonseca, якая уваходзіць у сусветныя топ-5 па рэгістрацыі афшорных кампаній. Названую кантору ў 70-х заснавалі Юрген Мосак (сын былога эсэсаўца, які пасля Другой сусветнай вайны працаваў на ўлады ЗША) і вядомы ў Панаме юрыст і літаратар рамон Фансэка. Фірма аказвае цэлы спіс паслуг для элітных кліентаў, але галоўная фішка — спрыянне афшорным кампаніям.

У злітым архіве фігуруе больш за 200 тысяч такіх кампаній-пустышак. На кожную з іх заводзіліся асобныя тэчкі, у якіх былі сканы пашпартоў уласнікаў, дакументы, што пацвярджаюць іх сапраўднае месца жыхарства. Усяго — больш за 14 мільёнаў такіх дакументаў.

Усе кампаніі-пустышкі знаходзяцца ў краінах і на астравах, дзе магчыма працаваць з афшорамі. Гэта, напрыклад, Мальта, Люксембург, Панама, Кіпр, Швейцарыя, Велікабрытанія і іншыя.

Купляць такія кампаніі пустышкі за тысячу долараў ці рэгістраваць іх не супрацьзаконна. Праблема ў тым, што ў афшоры найчасцей увязваюцца людзі, якія хочуць вывесці грошы са сваёй краіны і пазбегнуць выплаты падаткаў.

Ці дойдзе чарга да Беларусі ў грандыёзным скандале з “Панамскім дасье”?
Фота theguardian.com

Як дакументы трапілі да журналістаў?

 

Тэрабайты “Панамскага дасье” спачатку злілі рэдакцыі вядомай нямецкай газеты Sueddeutsche Zeitung. Як паведамляецца, дакументы перадала ананімная крыніца, якая звязвалася з журналістамі праз зашыфраваную перапіску.

Праверыць усю інфармацыю сіламі адной газеты было немагчыма. Таму Sueddeutsche Zeitung аб’ядналіся з Міжнародным кансорцыумам журналістаў-расследавацеляў, які ў сваю чаргу прыцягнуў да працэсу цэлы шэраг сусветна вядомых СМІ і арганізацый — BBC, The New York Times, the Guardian, Le Mond, OCCRP і іншыя. Каля пяці соцень журналістаў сабраліся з гэтай нагоды на з'езд, усталявалі на камп'ютары неабходнае праграмнае абсталяванне і пачалі пералапачваць архіў з Mossac Fonseca.

Паведамляецца, што “Панамскае дасье” немцам перадалі бясплатна. Крыніца кіравалася добрымі памкненнямі, каб выкрыць усю гразь і хлусню, якой насамрэч вылучаюцца вядомыя дзеячы многіх краін свету.

Абмяркоўваюцца здагадкі, што Mossac Fonseca супрацоўнічалі з ЦРУ, якія замаскіраваліся пад дабразычліўцаў і злілі дакументы журналістам. На карысць гэтай версіі кажа і тое, што ў “Панамскім дасье” пакуль не ўсплылі прозвішчы з ЗША.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі