Ці існуюць аблавы на флікеры?

Рэгіёны скардзяцца, што ДАІшнікі штрафуюць за флікеры незаконна. Але ДАІшнікі кажуць, што ніякага плана на аштрафаваных у іх няма. Як даведалася Еўрарадыё, у хуткім часе ДАІ будзе не толькі штрафаваць, але і раздаваць флікеры “неабазначаным” пешаходам. Прычым, за кошт вадзіцеляў - Яшчэ было светла, я ішла па тратуары. Да мяне падышоў супрацоўнік міліцыі і паспрабаваў аштрафаваць за адсутнасць флікера, калі я яго тэрмінова не начаплю, - гаворыць жыхарка Мазыра Ася. - Калі я сказала, што яшчэ светла, і іду не па абочыне, а па тратуары, ды ўвогуле, у гэтай частцы горада ён не мае права мяне штрафаваць, калі я нават буду без флікера ў цёмны час сутак, ён сказаў, што шмат “пісьменных” развялося і вельмі хутка ад мяне адышоўся.

Па словах дзяўчыны, такія выпадкі ў Мазыры здараюцца вельмі часта. Жыхары ўпэўненыя, што інспектары выконваюць нейкі план. Але начальнік рэспубліканскага ДАІ Юрый Літвін катэгарычна абверг такія абвінавачванні. Назваў іх чуткамі, і нават патлумачыў, чаму яны з’явіліся.

Юрый Літвін: “Я канкрэтна не зацікаўлены ні ў якіх планах. Хутчэй за ўсё, гэтыя чуткі пайшлі таму, што з 4 па 18 лютага мы праводзілі спецыяльнае мерапрыемства па святлоадбівальных элементах. Уся міліцыя грамадскай бяспекі выйшла на вуліцы, і ці то пратаколамі, ці то перакананнямі займаліся гэтым. Можа таму такое ўражанне з’явілася, але ніякага плана няма”.

Начальнік ДАІ нагадаў, што ў Правілах дарожнага руху дакладна распісана, калі і ў якіх месцах інспектары могуць штрафаваць пешаходаў без флікера – падчас руху па краі праезнай часткі ў цёмны час сутак. Ва ўсіх астатніх выпадках пешаходы могуць не выконваць патрабаванне міліцыянераў.

Як паведамляла Еўрарадыё, штодзень ДАІшнікі штрафуюць каля 800 пешаходаў за адсутнасць флікераў. Усе грошы (больш за 15 мільенаў рублеў) нібыта ідуць у бюджэт. Потым за іх рамантуюць і асвятляюць дарогі. Колькі кіламетраў дарог адрамантавалі за “флікерныя” грошы, і колькі ліхтароў паставілі, начальнік рэспубліканскага ДАІ Юрый Літвін не ведае.

Юрый Літвін: “Гэтыя грашовыя плыні мы не можам кантраляваць. У нас няма такіх паўнамоцтваў”.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, колькі ліхтароў паставілі за грошы аштрафаваных пешаходаў у Мазыры. Але на прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі горада “Жилищник” нам паведамілі, што горад і так дастаткова асветлены. Супрацоўніца, якая назвалася Алай Юр’еўнай, кажа, што грошы з пазначэннем, што гэта штрафы “неабазначаных” пешаходаў, ім не прыходзяць. І нечакана таксама паскардзілася Еўрарадыё на супрацоўнікаў ДАІ.

Ала Юр’еўна: “Чамусьці часцяком некаторыя таварышы з органаў, наколькі мне вядома, штрафуюць людзей проста каля пад’ездаў. Хаця там няма праезжай часткі!”

Еўрарадыё звернулася па тлумачэнні да намесніка начальніка мазырскага ДАІ Міхаіла Цімошчанкі. Але той ад любых каментароў адмовіўся. Нават называць лічбу аштрафаваных пешаходаў.

Міхаіл Цімошчанка: “Па тэлефоне даваць любую інфармацыю мы не маем права”.

Як стала вядома Еўрарадыё, ніводнаму з аштрафаваных пешаходаў ДАІ не падаравала ў якасці суцяшэння флікер. Па словах начальніка рэспубліканскага ДАІ Юрыя Літвіна, гэта таму, што няма грошай на іх набыццё. Браць частку грошай са штрафаў, ДАІ не мае права. Але хутка набываць флікеры пешаходам ДАІшнікі будуць за кошт вадзіцеляў.

Юрый Літвін: “Ёсць такое паняцце “прэвентыўныя мерапрыемствы”. Гэта адлічэнні з дамовы абавязковага страхавання ўладальнікаў транспартных сродкаў. Колькі адсоткаў, я не скажу. За гэтыя грошы мы запланавалі набыць флікераў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі