Ці можа кандыдат у дэпутаты сустракацца з выбаршчыкамі ў двары дома?

Ужо пачаўся перыяд агітацыі, а сярод месцаў, дзе кандыдаты ў дэпутаты могуць сустракацца з выбаршчыкамі, няма двароў і пад'ездаў.
У Брэсце нават абавязалі міліцыю прымаць “неабходныя меры па прадухіленні сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі ў не ўстаноўленых месцах”. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік распавёў Еўрарадыё, што кандыдаты не абавязаныя праводзіць сустрэчы толькі ў вызначаных месцах.
“У гэтых месцах, якія вызначылі выканкамы, яны могуць праводзіць свае мерапрыемствы ў паведамляльным парадку. Трэба паведаміць, што будзеш праводзіць сустрэчу з выбаршчыкамі, і мясцовыя выканаўчыя органы абавязаныя ўсё забяспечыць. І адказнасць за сустрэчу кладзецца на мясцовыя выканкамы. Можа кандыдат выбраць і іншае месца, але тады трэба пытаць дазвол”.
Калі сустрэча ўсё ж прайшла ў не ўстаноўленым месцы, напрыклад, у двары дома, але не даставіла праблем, то з боку камісіі прэтэнзій не будзе, кажа Мікалай Лазавік.
"Вось гэтыя гарантаваныя месцы выканкам толькі вызначае, а калі кандыдат праявіць ініцыятыву і арганізуе ў іншым месцы, там у кожным выпадку будуць індывідуальныя ўмовы".
А брэсцкія чыноўнікі, на думку Лазавіка, перабольшылі.
"Яны там занадта рэзка напісалі. Я б паставіў там не кропку, а коску. "У месцах, дзе правядзенне мерапрыемстваў можа пагражаць бяспецы грамадзян". Гэта было б правільна".
Еўрарадыё пацікавілася ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска, ці можа кандыдат сустрэцца з выбаршчыкамі каля пад'езда.
"Ну вядома. Калі нехта ідзе з працы, а кандыдат стаіць прапаноўвае сваю праграму. Яны і па пад'ездах ходзяць. Кожны працуе па-свойму, нехта ходзіць па кватэрах, нехта просіць залу ў доме культуры. Мы даем, але туды прыходзіць 7 чалавек. Таму больш вопытныя ходзяць па выбаршчыках самі".
У адміністрацыі Цэнтральнага раёна кажуць, што зараз, калі цёпла, можна і на лавачцы ва двары сустракацца з выбаршчыкамі і гэта ніколі не забаранялі.
Калі ж кандыдат збірае людзей у не дазволеным месцы, то яго могуць папярэдзіць, але толькі калі на яго нехта напіша скаргу, распавялі Еўрарадыё ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна.
"Мы можам папярэдзіць — і тое, калі нам нехта заяву напіша. Калі чалавек будзе груба парушаць і на яго будзе шмат заяваў, тады можам зняць. А так мы толькі папярэджваем — і ўсё".
Але ж калі камісія і не будзе караць, то за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах можа пакараць міліцыя. Праўда, супрацоўнікі МУС могуць толькі скласці пратакол за несанкцыянаванае мерапрыемства, а лёс кандыдата будзе вырашаць суд.
Тут кандыдат як арганізатар можа атрымаць штраф ад 20 да 40 базавых або арышт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі