Ці падае Ялфімаў руку Юзэфовічу?

Уся праўда пра прыезд Аляксандра Рыбака на Беларусь, нядаўняе вяселле Пятра Ялфімава, тэхнічнае афармленне беларускага нумару і пра тое, як Ялфімаў пасябраваў з Юзэфовічам. Еўрарадыё даведалася, як адчуваюць сябе на "Еўрабачанні" беларусы Пётр Ялфімаў і Аляксандр Рыбак, бо заўтра апошнія іх рэпетыцыі перад паўфіналам.

Аляксандра Рыбака журналісты падбівалі выступаць за Беларусь. Той пажартаваў — маўляў, паедзе з канцэртам у вёску Лешня Мазырскага раёна, адкуль яго карані, і выступіць для вяскоўцаў.

“Я асабіста сустракаўся з Рыбаком. Вельмі абаяльны і мілы чалавек, — расказвае Еўрарадыё шэф беларускай дэлегацыі Аляксандр Ціхановіч. — Яму задалі пытанне: “Ці хацелі б вы выступіць за Беларусь?”. Кажа: “Увогуле я зараз выступаю за Нарвегію, а за Беларусь ужо няма часу”. Кшталту ўжо няма часу на падрыхтоўку нумару”.



Тым часам расійская прэса напісала пра тое, што перад "Еўрабачаннем" Пётр Ялфімаў і Таццяна Касмачова ўзялі шлюб.

“Аказалася, за дзвярыма гэтага пакоя на чацвёртым паверсе (гаворка ідзе пра нумар у гатэлі, дзе пасяліліся Пётр і Таццяна, — Еўрарадыё) праходзяць не толькі рэпетыцыі і трэнінгі, — з брудным намёкам перадае партал LIFE.RU, — Пецю і Таццяну Ўладзіміраўну, якая старэйшая за яго на 27 гадоў, звязваюць афіцыйна зарэгістраваныя адносіны”.

Да таго ж перад ад’ездам у Маскву Ялфімава бачылі з Касмачовай у мінскім гандлёвым цэнтры “Шчасце”:

“У сераду 29 красавіка ён са сваёй жанчынай прыйшоў на абутковую кропку, — перадае прадпрымальніца Лілія з гандлёвага цэнтру “Шчасце”. — Ягоная прадзюсерка выбірала сабе абутак, рабіла прымерку. А ён стаяў, прывабны такі, вясёленькі, у блакітных джынсах, баечцы”.
ЕРБ: “І як трымаўся пры гэтым Ялфімаў?”
Прадпрымальніца: “Вельмі добра, глядзеў уважліва, як яна мерае, і чакаў яе цярпліва”.

Высветлілася, што журналісты напісалі паклёп.

“Не, мы афіцыйна адносіны не афармлялі. Гэта жарт”, — гаворыць Таццяна Касмачова.

Чуткі пра тое, што першая рэпетыцыя Пятра сарвалася, прадзюсер таксама называе перабольшваннем.

“Я не разумею, хто напісаў пра тое, што рэпетыцыя была сарваная, — здзіўляецца Таццяна Касмачова. — Рэпетыцыя прайшла цудоўна, вакальная рэпетыцыя. Была раніца, але, нягледзячы на гэта, Пётр цудоўна спяваў. Магчыма, нешта было сарвана па афармленні, а ў нас усё было нармальна”.

Выканаўчы прадзюсер конкурсу “Еўрафэст” Анастасія Ціхановіч запэўніла Еўрарадыё, што ў тэхнічным плане нумар Януша Юзэфовіча ў парадку. Разам з усім афармленнем нумар можна будзе пабачыць на наступнай рэпетыцыі — ў чацвер.  

Пытаемся у Анастасіі, ці памірыўся Пётр з пастаноўшчыкам нумару Янушам Юзэфовічам.
 
ЕРБ: “Ці падаюць яны адзін аднаму руку?”
Анастасія Ціхановіч: “Не, як бы ёсць творчыя адносіны, а ёсць чалавечыя. Ды і ў нашай дэлегацыі 28 чалавек”.

ЕРБ:
“Выходзіць, нейкіх таварыскіх адносінаў паміж Ялфімавым і Юзэфовічам не склалася...”
Анастасія Ціхановіч: “Тут справы не ў таварыскіх адносінах. Мы ўсе працуем над праектам, які падыходзіць да завяршальнай стадыі. Кожны максімальна займаецца працай”.

Еўрарадыё працягвае сачыць за жарсцямі "Еўрабачання".

Фота community.livejournal.com/ru_eurovision09

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі