Ці разумее Захад, што ён спрабуе дамовіцца з zамбаванымі?

Ці разумее Захад, што ён спрабуе дамовіцца з zамбаванымі?

Нямала жыхароў РФ заплюшчвае вочы на агрэсію сваёй дзяржавы, апраўдваючы смерці ўкраінцаў “вызваленнем Данбаса”. Некаторыя расіяне малююць на сваіх аўто сумна вядомую літару “Z” у знак ухвалення крывавай мясарубкі ва Украіне — і такіх прыкладаў шмат.

Няўжо Захад, які працягвае дыпламатычныя і эканамічныя адносіны з Расіяй, ва ўпор не бачыць таго, што гэтыя людзі не хочуць размаўляць, а хочуць “сцерці Украіну”?

— Заходнім лідарам вельмі цяжка прызнаць факт таго, што значная колькасць расійскага насельніцтва падтрымлівае тое, што зараз адбываецца ва Украіне, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё беларускі гісторык з Германіі Аляксандр Фрыдман. — Калі параўнаць заходнюю і расійскую рыторыку, то на Захадзе вельмі моцна адрозніваюць рэжым Пуціна і насельніцтва Расіі. А вось што тычыцца расійскай прапаганды, то там гэтай розніцы фактычна няма. Там прапаганда не толькі супраць кіраўніцтва ЗША ці Вялікабрытаніі. Гэта таксама антынямецкая, антыфранцузская прапаганда, накіраваная і супраць насельніцтва гэтых краін.

Калі мы возьмем усю рыторыку наконт ядзернай зброі, то з боку НАТА звычайна падкрэсліваецца: “Мы не жадаем Трэцяй сусветнай вайны, мы не жадаем знішчаць Расію”. А што ідзе з расійскага боку? “Калі патрэбна, мы гэтую ядзерную зброю прыменім. Калі патрэбна, будзе Трэцяя сусветная вайна”.

Падчас прамовы ў Варшаве Джозэф Байдэн гаворыць, што вайна за дэмакратыю не скончыцца хутка. “Нам трэба падрыхтавацца да доўгай барацьбы”, — кажа прэзідэнт ЗША. Што ён мае на ўвазе?

— Расія — толькі частка дыктатарскага свету, — тлумачыць Аляксандр Фрыдман. — Трэба згадаць Кітай, які займае ў гэтай вайне досыць нявызначаную пазіцыю. Імкнецца як бы быць нейтральным, а з іншага боку, шмат у чым падтрымлівае Расійскую Федэрацыю. Байдэн мае на ўвазе, што змаганне паміж дэмакратычным светам і дыктатурамі толькі пачалося і будзе працягвацца. Змаганне з Расіяй — гэта толькі першая частка. А наступным этапам, напэўна, будзе змаганне з Кітаем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі