Ці здолее Беларусьфільм заахвоціць студэнтаў ехаць па размеркаванні? (фота)

У Мінску пачаліся здымкі новага фільма, у якім раскажуць пра лёс выпускніцы, што адкрыла для сябе ўсе выгоды працы ў вёсцы. “Беларусьфільм” 27 траўня распачаў здымкі новай лірычнай меладрамы пра выпускніцу каледжа, якую размеркавалі на працу ў вёску. У карціне “Дотык” моладзі паспрабуюць паказаць станоўчыя бакі працы ў сельскай мясцовасці.

Дарэчы, як распавяла Еўрарадыё галоўная актрыса Вераніка Пляшкевіч, яе ў свой час таксама размеркавалі: толькі не з Мінска ў вёску, а ў сталічны “горкаўскі” тэатр.

Вераніка Пляшкевіч

У фільме ж яна грае выпускніцу Гандлёвага каледжа Кацярыну, якая атрымала размеркаванне ў Барысаўскі раён. У першай сцэне, якую здымалі на прывакзальнай плошчы ў Мінску, дзяўчына ў слязах разам з сяброўкай гуляе па горадзе і вырашае: ехаць па размеркаванні на 2 гады ці адмовіцца ад яго і выплаціць дзяржаве грошы за навучанне. У выніку вырашае ― ехаць! Па задуме рэжысёра Віталя Дудзіна, Кацярына павінна адкрыць для сябе хараство прыроды і людзей, а таксама сустрэць сапраўднае каханне.

Віталь Дудзін

У карціне бяруць удзел выключна беларускія акцёры, некаторыя з іх неаднойчы працавалі з Віталем Дудзіным, аднак нават яны мусілі прайсці жорсткі кастынг, каб атрымаць ролю. Па словах рэжысёра, вобраз Веранікі Пляшкевіч – само увасабленне горада.

Віталь Дудзін: “Я запрасіў Вераніку Пляшкевіч на галоўную ролю Каці, таму што яна бліжэй да гарадской жыхаркі, уся яе прырода, лад яе жыцця, думак ― менавіта гарадскі. І паступовае яе прывыканне да другога асяроддзя павінна выглядаць праўдзіва, цікава і пераканаўча”.

Для самой Веранікі Пляшкевіч атрыманне галоўнай ролі было нечаканым. На яе думку, рэжысёра ў ёй прывабіла перш за ўсё яе халодная прыгажосць, якая можа асацыявацца з горадам. Аднак, кажа Вераніка, вобраз мусіць развівацца.

Вераніка Пляшкевіч: “Сама роля цікавая, цікавы персанаж, вобраз вымалёўваецца. Аднак гэта першы здымачны дзень. Тое, што ў маёй галаве – гэта адно, а тое, што атрымаецца, і што ўбачаць гледачы, гэта другое. Усё павінна быць лагічна, ўсё будзе гарманіраваць – нутро і знешні выгляд.  Таму што зараз сапраўды ёсць такі налёт горада. Хочацца, каб вобраз развіваўся з улікам прапанаваных абставін”.

Выканаўца ролі сяброўкі галоўнай гераіні актрыса Паліна Сыркіна

Партнёрам Веранікі па фільму (хлопцам, за якога яна ў выніку выйдзе замуж) стане яе сябра па тэатры Руслан Чарнецкі. Акцёрскі тандэм заняты ў трох спектаклях тэатра імя Горкага. Па словах Пляшкевіч, гэты факт станоўча паўплывае на разняволенасць акцёрскай гульні.

Вераніка Пляшкевіч: “Думаю, гэта дапаможа. У любым выпадку будзе свабода паміж намі. Што важна. Мне не давядзецца думаць, як я выглядаю. Звычайна ж перад партнёрамі, якіх не ведаеш, заўсёды хочацца выглядаць лепш.  Так і ў дзяўчат, і ў хлопцаў. А паміж намі гэтага ўжо няма. Усё будзе дастаткова свабодна, я спадзяюся”.

Цікава, што фільм не абыдзецца без знакамітага любоўнага трохкутніка, дзе безнадзейна закаханага ў Кацю трактарыста сыграе муж Веранікі Пляшкевіч Андрэй Сенькін.


Месца, дзе ў выніку галоўная гераіня фільма знойдзе сябе і сваё шчасце, ― Барысаўскі раён, а менавіта 5 вёсак, сярод якіх Белыя Лужы і Навасёлкі. Дарэчы, менавіта гэтыя краявіды рэжысёр выкарыстаў у сваіх карцінах “Кадэт”, “Іван” і “Позва ў суд”. Апроч прафесійных акцёраў у фільме здымуцца звычайныя вясковыя жыхары, якія, калі дазволіць метраж плёнкі, распавядуць свае жыццёвыя гісторыі.

Віталь Дудзін: “Ёсць месца ў Навасёлках. Дачка, калі маці нарадзіла чацвёртую сястрычку, запытала: “Мама, ты яшчэ будзе нараджаць?” – “Не”. Тады яна ў гонар чатырох сясцёр пасадзіла чатыры бярозкі, і гэтыя бярозкі выраслі. Мы ля таго месца “Кадэта” здымалі, а зараз будзем здымаць гандаль – пад’ехала аўталаўка. Дык у мяне ёсць патаемная мара – каб жанчына, якая пасадзіла гэтыя бярозкі распавяла гэтую гісторыю ў фільме”.


Рэжысёр падкрэслівае, што сам жыў да 14 гадоў у вёсцы, таму і ставіць перад сабой мэту паказаць прыгажосць вёскі, дрэва, якое некалі нехта пасадзіў, яе жыхароў і галоўнай гераіні.

Віталь Дудзін: “Агіткі ў мяне няма. Але тое, што ў мяне ёсць любоў да гераіні, да таго месца, куды яна едзе, гэта 100 адсоткаў. Агітаваць нікога не хочацца, плакатна гаварыць пра гэта не хочацца. Аднак калі нехта проста захоча наведаць гэтыя мясціны – ужо будзе добра”.

Нагадаем, прэм’ера фільма “Дотык” запланавана на вясну 2011 года.




Другі рэжысёр карціны Галіна Смірнова

Прэс-сакратар "Беларусьфільма" Валянціна Белякова





Еўрарадыё пра "Дотык": “Беларусьфільм” будзе "прапагандаваць" размеркаванне студэнтаў у вёску

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі