Ці змогуць правайдэры абмежаваць беларусаў ад 4 мільёнаў порнасайтаў?

Карэспандэнт Еўрарадыё вырашыў паспрабаваць абмежавацца ад парнаграфіі ў інтэрнэце пасля таго, як пачаў дзейнічаць закон аб фільтрацыі сайтаў. Як аказалася, у агульных спісах, ні ў адкрытым, ні ў закрытым, якія фармуе Беларуская дзяржаўная інспекцыя электрасувязі, ніводнага забароненага сайта няма.
Таму пакуль карыстальнік можа толькі скласці свой спіс з сайтамі, доступ на якія ён сабе хоча закрыць. Але такая паслуга на сённяшні дзень даступная толькі ў byfly.
"Калі бацькі хочуць абмежаваць доступ сваіх дзяцей да эратычнага кантэнту, яны могуць звярнуцца ў сервісны цэнтр, зрабіць заяву", — кажа прэс-сакратар byfly Аляксей Федарынчык.
Дарэчы, які б вялікі спіс сайтаў вы ні прынеслі, іх усе ўнясуць у блок-ліст абсалютна бясплатна.
А вось мабільны аператар Velcom ужо ўключыў у свае паслугі блакіроўку сайтаў. Гэтая опцыя платная, каштуе 9900 за падключэнне. Так, за вашыя грошы вам пачнуць абмяжоўваць доступ у інтэрнэт згодна са спісамі БелДзІЭ (якія пакуль пустыя), але ж карыстальнік па ўласным жаданні ўключыць у спіс нейкі сайт на "Велкоме" не зможа.
У іншых мабільных аператараў такой паслугі яшчэ няма. МТС заявіў, што тэхнічна не можа пакуль фільтраваць інтэрнэт. Не атрымалася заблакаваць порна і на life:).
"Толькі калі ў цэнтры абслугоўвання, але такой паслугі асобнай няма. Такой інфармацыі пакуль у нас не было", — распавялі ў цэнтры падтрымкі "Лайф".
Няма такіх паслуг і ў іншых інтэрнэт-правайдараў.
"Мы пакуль не гатовыя гэтае пытанне каментаваць, на жаль", — адказалі на просьбу блакіроўкі сайтаў ў "Атлант-Тэлеком".
У adsl.by Еўрарадыё патлумачылі, што абмежаванне доступу не будзе распаўсюджвацца на звычайных карыстальнікаў — толькі на дзяржаўныя ўстановы.
"На шараговых карыстальнікаў гэта ніяк не паўплывае, ніхто нічога не заўважыць", — распавялі ў adsl.by.
Наконт фільтрацыі сайтаў паводле жадання карыстальніка там ніякай інфармацыі няма, і пакуль  ніякіх рэкамендацый да іх не паступала.
На сённяшні дзень у інтэрнэце порнасайтаў больш за 4,2 мільёна. Штодня праз пошукавікі праходзіць каля 70 мільёнаў запытаў парнаграфіі, а па сеціве разыходзіцца каля 2,5 мільярдаў спам-паведамленняў з порна.
Таму магчымасць абмежаваць доступ да гэтага кантэнту вельмі сумнеўная.
"Увогуле праблематычна фільтраваць увесь такі кантэнт, відэа ці фота. Таму толькі па запыце карыстальнікаў. Але не варта забываць, што ёсць такія наладкі ў звычайным браўзеры, якім вы карыстаецеся", — кажа Аляксей Федарынчык.
Таму пакуль фільтраваць у інтэрнэце няма чаго, ды і наўрад ці нехта з карыстальнікаў пабяжыць да правайдара абмяжоўваць сабе доступ. Толькі навошта тады было прымушаць правайдараў закупляць абсталяванне для фільтрацыі, калі фільтраваць пакуль няма чаго?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі