Ціхановіч: “Квіткі на паўфінал “Еўрафэсту” прадаваць не будуць”

Галоўны па Еўрабачанні ў нашай краіне не патрапіў у склад журы. Тым часам арганізатары прамога эфіру 21 снежня ламаюць галаву над патрабаваннямі артыстаў 21 снежня ў прамым эфіры пройдзе канцэрт “Еўрафэсту”, на якім вызначацца тры фіналісты. Яны будуць змагацца за права прадстаўляць Беларусь у наступным годзе на Еўрабачанні ў Бялградзе.

Галоўны па Еўрабачанні ў нашай краіне Аляксандр Ціхановіч расказаў Еўрарадыё, што цяпер арганізатары чакаюць, пакуль усе выступоўцы дашлюць свае райдэры. Робіцца гэта дзеля таго, каб пастаноўшчыкі і мастакі паспелі падрыхтавацца да шоў, якое будуць паказваць канкурсанты:

Аляксандр Ціхановіч: “Паўфінал будзе праходзіць у студыі Белдзяржтэлерадыёкампаніі. Ніякіх квіткоў туды прадаваць не будуць. Туды прыйдуць толькі балельшчыкі кандыдатаў, якія будуць выступаць.

На гэты момант мы яшчэ атрымліваем райдэры ўдзельнікаў. Для правядзення кожнага нумару нашы мастакі, пастаноўшчыкі і тэлевізійны рэжысёр працуюць над тым, каб максімальна выканаць пажаданні нашых канкурсантаў. Ёсць, канешне, цяжкія райдэры. Напрыклад, у адным трэба выпускаць жывых галубоў.

Я не ведаю, як гэта зрабіць, таму што ў нас будзе прамы эфір і час ад нумара да нумара 10-15 секунд на тое, каб змяніць дэкарацыі”.

У склад журы, якое вызначыць двух фіналістаў, сам Ціхановіч не ўвайшоў, аднак яго жонка, Ядвіга Паплаўская, туды патрапіла:

Аляксандр Ціхановіч: “Побач у суседняй студыі будзе сядзець журы, якое будзе ў тэлевізійным варыянце глядзець выступы канкурсантаў. Яны выберуць двух фіналістаў. Тэлегледачы – аднаго.

Калі погляды супадуць, то будзе два фіналісты, калі не – тры. Анатоль Ярмоленка, Васіль Раінчык, Ядвіга Паплаўская, Міхаіл Фінберг, намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка, тэлевізійныя прадзюсеры Аляксандр Капёнкін і Дзяніс Шпітальнікаў, Ірына Дарафеева і спадар Шырын – вось 9 чалавек, якія вызначаць фіналістаў”.

Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца ў гуртоў “Палац” і “Dali”, як музыкі рыхтуюцца да паўфіналу. Аднак пакуль яны не спяшаюцца раскрываць таямніцы сваіх выступаў. Тым не менш, музыкі згадзіліся ўсё ж такі нешта распавесці для слухачоў Еўрарадыё:

Алег Хаменка, лідэр гурта “Палац”:

“Мы ўжо даслалі свой сцэнічны райдэр. Нумар наш задуманы так: гэта павінен быць проста нумар. Больш нічога расказваць пакуль не магу”.

Віктар Рудэнка, вакаліст гурта “Dali”:

“Гэта будзе такі нумар больш у стылі экспрэсіянізму, у адрозненне ад папярэдніх, якія былі вытрыманы ў стылі сімвалізму. Больш будзе жывога і сапраўднага, карацей”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі