Ціль Швайгер выступіў з апраўданнямі пасля паездкі ў Беларусь
Ціль Швайгер
Нямецкі актор Ціль Швайгер напісаў апраўданні пасля сваёй паездкі ў Беларусь і прэс-канферэнцыі ў Мінску. Яны з'явіліся ў сторыз у Інстаграме артыста.
Паводле Швайгера, ягоныя выказванні на прэс-канферэнцыі былі вырваныя з кантэксту.
"Я наведаў прэс-канферэнцыю, каб распавесці выключна пра свой удзел у рэкламнай кінакампаніі і падзяліцца з гледачамі творчай працай, якая стаіць за ёй. Мяне запэўнілі, што мерапрыемства будзе цалкам прысвечана рэкламе і яе зместу. На жаль, я выявіў, што некаторыя адказы былі вырваныя з кантэксту і выкарыстаны для паведамленняў, якія не адлюстроўваюць мае перакананні", — заявіў Швайгер.
Таксама артыст падкрэсліў, што яго ўдзел у рэкламнай кампаніі не звязаны з яго палітычнай ці ідэалагічнай пазіцыяй.
Як расказвала Еўрарадыё, Ціль Швайгер прыехаў у Мінск для здымак прома-роліка, прысвечанага дрыфт-гонкам. Ён прыняў удзел у прэс-канферэнцыі, арганізаванай беларускімі дзяржаўнымі СМІ. На прэс-канферэнцыі актор сказаў, што гугліў інфармацыю пра Беларусь: "Я чуў пра вашу краіну толькі найлепшае".
Лідарка беларускіх дэмсілаў Святлана Ціханоўская раскрытыкавала прыезд Швайгера ў Беларусь. Яна сказала пра сваё вялікае расчараванне ад таго, што актор прыехаў "цяпер, калі ў краіне пануе тэрор". Яна прапанавала Швайгеру выкарыстаць свой прыезд для таго, каб сустрэцца з беларускімі палітвязнямі ці запісаць відэа ў іх падтрымку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.