Cпрэчная канцэпцыя варшаўскага канцэрта

25 сакавіка ў Варшаве адбудзецца канцэрт “Салідарнасці з Беларуссю”. Сёлета беларускія музыкі будуць выконваць песні Боба Марлі на ангельскай мове. Менавіта гэты факт, а таксама ўдзел у канцэрце буйных зорак беларускай сцэны ў дні 25 сакавіка, калі чакаецца акцыя на плошчы Каліноўскага ў Мінску, стаўся прычынай спрэчак і дыскусіяў.

На варшаўскім канцэрце выступяць беларускія рок-музыкі і польскія поп- зоркі. Хто прыедзе з Беларусі, арганізатары пакуль не паведамляюць, спасылаючыся на просьбу ўдзельнікаў з беларускага боку.

Вядома толькі, што гэта будзе гурт В:N і шэсць беларускіх вакалістаў. ЕРБ высветліла, што ў Варшаву прыедзе Лявон Вольскі, Руся, Зміцер Вайцюшкевіч ды Памідораў.

Паводле канцэпцыі канцэрту, польскія зоркі будуць спяваць свае песні, а беларусы — песні Боба Марлі па ангельску. Па-беларуску прагучыць толькі вядомы хіт "Я нарадзіўся тут".

Чаму на канцэрце салідарнасці з Беларуссю такі нязначны ўласна беларускі акцэнт? Гаворыць Ян Кэнцік, арганізатар канцэрту з ініцыятывы “Вольная Беларусь”:

«Мы не робім канцэрт для забавы. Мы рыхтуем гэты канцэрт дабрачынна, але ў пэўны момант мы натыкаемся на сцяну».

І гэтай сцяной стала Польскае тэлебачанне, якое суфінансуе праект. Канцэрт, як і год таму, будзе транслявацца па каналах TVP1 і TV Pоlonia. Па словах Яна Кэнціка, тэлебачанню важна, каб сабраць ля экранаў як мага болей гледачоў, а на беларускіх музыкаў шмат не збярэш.

Лявон Вольскі возьме ўдзел у канцэрце, каб “падтрымаць Беларусь ды каб тыя, хто пра яе яшчэ не ведаюць, даведаліся”.

Ці не бянтэжыць Лявона тое, што на канцэрце будзе толькі адна беларуская песня? Гаворыць Лявон Вольскі:

"Такая канцэпцыя канцэрту. Рацыю мае той, хто нешта робіць, а не толькі наракае. Канцэрт адбудзецца ў сталіцы суседняй краіны, добра ўжо тое, што яна ўвогуле звяртае ўвагу на Беларусь і сітуацыю ў краіне, чым шукаць хібы ў арганізацыі.

У Беларусі я не бачу канцэпцыі на 25 сакавіка, а тое, што нам прапаноўваюць — «день беларускава едіненія — за Беларусь, за свабоду» — гэтую канцэпцыю я прыняць не магу.

Ды мяне ніхто нікуды не запрашаў, а калі б запрасілі, я б з задавальненнем кінуў польскую акцыю, бо ідэя з Бобам Марлі мне таксама не надта адпавядае. А ісці без яскравай ідэі, якая павінна была б ужо даўно прысутнічаць, і проста біцца з мянтамі, я сэнсу не бачу".


Арганізатар Ян Кэнцік паведаміў, што ўсе запрошаныя музыкі прыедуць і з умовамі згадзіліся. Аднак Кася Камоцкая таксама была ў спісе планаваных музыкаў, але ў Варшаву не прыедзе.

Кася Камоцкая: «Я вырашыла, што 25 трэба быць у Беларусі. І потым, я лічу глупствам на канцэрце салідарнасці з Беларуссю спяваць песні Марлея. Мы маем свае песні, і калі б яны хацелі быць з намі салідарнымі, то лагічна было б праспяваць беларускія песні. Для мене гэтая канцэпцыя незразумелая».

Падобна мяркуе і гурт "Рэха", які быў запрошаны, але вырашыў застацца ў Менску.

Адборам беларускіх музыкаў на польскі канцэрт займаўся прадусэр Ігар Знык, але ён прызнаўся, што ад яго падчас арганізацыі нічога не залежала, усім займалася “Вольная Беларусь” ды польскае тэлебачанне.

Адзінае, на што меў уплыў Ігар Знык, гэта рэклама гурта, прадусарам якога ён з’яўляецца, а менавіта В:N, які зайграе на разагрэве. А як ставіцца Знык да канцэпцыі канцэрту салідарнасці зь песнямі Марлі?

Ігар Знык: “Я не буду адказваць на гэтае пытанне…Гэта ўжо адказ”.

Таксама на сцэну не выйдзе гурт Чырвоным па Белым:

“Мяне запрасілі, але я пачаў ставіць свае умовы — я хацеў выканаць сваю песню ды на сваёй беларускай мове, арганізатарам гэта не адпавядала. Што тычыцца творчасці Боба Марлі - гэта славуты музыка, але што Боб Марлі мае да Беларусі?

Так, ён сьпяваў пра свабоду, але 80 адсоткаў беларускіх песень менавіта пра свабоду. Шчыра кажучы, я ўжо не ведаю, хто з кім салідарызуецца, ці Ямайка з Польшчай ці Беларусь зь Ямайкай.

І мне вельмі прыкра, што ёсць людзі, якія пад шыльдам «салідарнасці» нажываюцца на крыўдзе майго народу”.

Дык усё ж для каго гэты канцэрт? Кажа Ян Кэнцік:

“Для палякаў, польскіх тэлегледачаў і варшавян, якія на яго прыйдуць. Але мэта яго — выказаць салідарнасць з беларускай апазыцыяй".

Нагадаю, канцэрт "Салідарныя з Беларуссю" адбудзецца на рынку Старога гораду ў Варшаве 25 сакавіка, а ў эфіры Еўрарадыё прагучыць цалкам 26 сакавіка ў 11 ды 22 гадзіны па беларускім часе, каб вы маглі самі ацаніць спрэчную канцэпцыю.



Фота — www.charter97.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі