ЦВК Грузіі: На выбарах перамог Георгій Маргвелашвілі
Пасля апрацоўкі дадзеных з 100% участкаў кандыдат у прэзідэнты Грузіі ад правячай кааліцыі "Грузінская мара" набраў 62,11% галасоў выбарцаў.
Давід Бакрадзэ ад "Адзінага нацыянальнага руху" набірае 21,73%, Ніно Бурджанадзэ ад партыі "Дэмакратычны рух — адзіная Грузія" — 10,18%.
Георгій Маргвелашвілі ўжо заявіў, што хоча нармалізаваць адносіны з Расіяй. Ён паабяцаў, што ў Грузіі не будзе палітычнага пераследу.
У панядзелак падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм'ерам Бідзінай Іванішвілі Георгій Маргвелашвілі заявіў, што не хоча пераязджаць у прэзідэнцкую рэзідэнцыю. "Маё меркаванне такое, што гэты будынак трэба вярнуць грамадству, народу, бо менавіта на грошы народу ён быў пабудаваны. Хутка будзе вырашана, што станецца з гэтым памяшканнем", — цытуе яго словы РІА "Новости".
Нагадаем, фешэнебельны Палац прэзідэнта ў Тбілісі пабудавалі падчас праўлення Саакашвілі. Летась новы прэм'ер-міністр Іванішвілі прапанаваў прэзідэнту вызваліць палац і пераехаць працаваць у будынак канцылярыі ўраду, бо "выдаткі на ўтрыманне будынка недапушчальны высокія". У выніку, рэзідэнцыю прэзідэнта Грузіі перанясуць у больш сціплы будынак, які раней займала амбасада ЗША.
Фота — ria.ru