А цяпер можна і паглядзець

У канцы гэтага фотарэпартажу ёсць кавалачак відэа з фестывалю "Можна", які адбыўся ў ноч з пятніцы на суботу ў клубе "Рэактар". На відэа зняты выступы гуртоў RockerJoker, НагУаль, Аддиc Абеба, Кассиопея, Серебряная свадьба, PortMone і нават некалькі секунд вэрхалу, які тварыўся ў грымёрцы.
Вэрхал, дарэчы, тварыўся паўсюль у "Рэактары". Дазволім сабе некалькі крытычных словаў пра гэта, каб дадаць перцу рэальнасці ў фота і відэа, такім жа чынам, як літаратурны герой Грэнуй дадаваў у парфуму кашэчыя экскрыменты ды рыбныя вантробы, каб атрымаць сапраўдны чалавечы пах.

Дык вось, на фэсце “Можна” з-за вялікай колькасці людзей, на якую "Рэактар" не вельмі разлічаны, не хапала кіслароду. Паветра ў клубе нагадвала такое, якое бывае ў мокрым намёце зранку, дзе спяць 5 п'яных мужыкоў, а яшчэ 5 смаляць ранішнія папіросы, не выходзячы вонкі.

Яшчэ склалася ўражанне, што большай частцы прысутных увогуле было “па-бубну” тое, што гралі гурты са сцэны. Яны, у лепшым выпадку, прыйшлі на 2 сваіх любімых каманды, а пад астатнія 7 размаўлялі, пілі, пераходзілі з месца на месца (асабліва не было куды, бо танцпол толькі адзін), ці ўвогуле спалі, чакаючы першага метро.

Самім артыстам, часам, таксама было “па-бубну”, як яны гучаць са сцэны. Вакалісты некаторых каманд нават не хваляваліся, што не трапляюць у ноты, затое актыўна пілі на сцэне і часам прасілі дабаўкі ў публікі.

Але, магчыма, усё гэта было запланавана арганізатарам Папам Бо (Аляксандрам Багданавым). Ён — геній свайго пакалення, і напэўна ведае, што калі зрабіць усё ідэальненька, аматары андэграунду будуць адчуваць сябе няўтульна, ці, яшчэ горш, пакрыўдзяцца і сыйдуць.

Усё, цяпер можна глядзець фота і відэа.

























На жаль, у аб'ектыў Еўрарадыё не трапіла выступленне CherryVata, якое, на наш погляд, было адным з самых жвавых за ўсю ноч, і Botanic Project, якія сваімі хітамі развесялілі стомленую пад раніцу публіку, і, кажуць, менавіта пад іх з вуліцы набегла новая хваля слухачоў (гэта а 4 раніцы!). Таму мы кампенсуем візуальны прабел кавалачкамі лайву. Ціскайце плэер і слухайце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі