Цяжарная жанчына памерла ад пнеўманіі ў Ганцавічах

Сёння ў Ганцавіцкім цэнтральным раённым шпіталі памерла цяжарная жанчына. Па папярэдніх звестках — ад пнеўманіі. Факт смерці 38-гадовай цяжарнай жыхаркі Ганцавіч Еўрарадыё пацвердзіла загадчыца інфекцыйнага аддзялення шпіталя Валянціна Бабко. Але, кажа, што прычынай смерці стала менавіта пнеўманія — яшчэ лабараторна не пацверджана.

Валянціна Бабко: “Памерла жанчына з пнеўманіяй. Ну, была пнеўманія на здымку, але ад чаго яна памерла…  Але яна ў мяне не ляжала, не лячылася і я тут увогуле ні пры чым! Жанчына памерла, але ўскрыццё яшчэ толькі прайшло”.

У рэанімацыйным аддзяленні шпіталя таксама пацвердзілі тое, што жанчына ў іх памерла, але ці стала таму віной пнеўманія, гаварыць катэгарычна адмовіліся.

Рэанімацыя: “Ніхто вам нічога не пацвердзіць”.

Як расказала Еўрарадыё Валянціна Бабко, двое дзетак памерлай жанчыны некалькі дзён таму прыходзілі да яе на абследаванне. Па словах доктаркі, у іх быў выяўлены звычайны сезонны грып. З якім іх і накіравалі лячыцца дамой.


Фота — ByMedia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі