Да беларускіх гатэляў дайшлі павевы сексуальнай свабоды

Нават дзяржаўныя гасцініцы прапаноўваюць рамантычныя ночы з дастаўкай шампанскага ў нумары Яшчэ год-два таму правесці каханку ў нумар беларускага гатэлю, каб зрабіць шпілі-вілі, было амаль немагчыма. Я сам патрапіў у няёмкую сітуацыю ў некалькіх беларускіх гатэлях.
“Вы не муж і жонка, мы не можам вас разам пасяліць”, — усе як адна рапартавалі цёткі на рэцэпшанах.

Нават у гатэлі “Віцебск”, які знаходзіцца у дзвюх сотнях метраў ад сцэны фестывалю “Славянскі базар”, мне і маёй віцебскай сяброўцы далі адварот-паварот.

І можаце сабе ўявіць, як я здзівіўся, калі на будынку гасцініцы “Прыпяць” днямі пабачыў плакат з загалоўкам “Рамантычная прапанова”.

“Для усіх жадаючых правесці рамантычны вечар, пасяліцеся ў нашую гасцініцу і атрымайце шампанскае па прыбыцці і сняданак у нумар БЯСПЛАТНА”, — напісана на плакаце. У самым нізе драбнейшымі літарамі друкавалася наступнае: “засяленне пасля 21.00, высяленне да 11.00”.

Тая самая аб'ява

Не паверыўшы сваім вачам, тэлефаную ў гатэль “Прыпяць” па нумарах, пазначаных на плакаце.
     
"Нумары "люкс" — 158.960 рублёў”, — ветліва адказалі нам.  

Еўрарадыё:
“А ці можна да вас засяліцца не з жонкай, а са звычайнай жанчынай?”

Гатэль "Прыпяць": “Вядома, можна. У нас там два пакоі, душавая кабінка, ванна, тэлевізар, тэлефон, халадзільнік і абслугоўванне з рэстарана па папярэдняй замове”.

Падумаўшы, што такую “Еўропу” арганізавалі толькі ў Пінску, звяртаемся да ветэранаў беларускага гасцінічнага бізнесу ў мінскі гатэль “Беларусь”. Цікавімся, ці дзейнічае па-ранейшаму норма з засяленнем у нумар разнаполых грамадзян выключна са штампам у пашпарце.

“Ведаеце, гэта не дзейнічае ўжо некалькі гадоў. Ваша інфармацыя, напэўна, суперсастарэлая”, — здзівіліся нашаму пытанню ў “Беларусі”.

Калі новыя сексуальныя тэндэнцыі дайшлі да Пінска і Мінска, то наўрад ці такое магчыма на ўсходзе нашай краіны. Пачынаем абзвоньваць Гомель і Магілёў з пытаннем пра штамп у пашпарце.

“Душавая кабіна, туалет, стол, стул, халадзільнік, тэлевізар, — расказвае пра сервіс магілёўскага гатэля “Магілёў” яго супрацоўніца. — Усіх селім, усё, калі ласка”.

Калі павевы сексуальнай свабоды дайшлі да буйных гарадоў, то ў гасцініцах дробных райцэнтраў, відаць, без штампу ў пашпарце палюбоўнікаў могуць пакінуць ночыць пад кустом.

“Двухмясцовы нумар каштуе 14120 рублёў, — расказвае пра сервіс супрацоўніца гатэлю гарадка Бялынічы. — У нас наогул гасцініца на ўзроўні інтэрнату. Усе выгоды на калідоры. Вадзічкі гарачай няма, толькі халодная. Таму і тарыф такі нізкі”.

Еўрарадыё: “Скажыце, а вы засяляеце ў адзін нумар мужчын з чужымі жанчынамі? Ці трэба штамп у пашпарце?”

Гатэль Бялынічаў: “Не, на штамп мы ўжо не глядзім. Гэта вы ўжо паміж сабой разбірайцеся. Галоўнае, каб вы паказалі вашыя пашпарты”.

Такім чынам, да вырашэння дэмаграфічнай праблемы далучыліся і беларускія дзяржаўныя гасцініцы.

Гатэль "Пінск" унутры:
















Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі