Да Зяленскага прыехалі прэм'ер Вялікабрытаніі і канцлер Аўстрыі
Сустрэча Барыса Джонсана і Уладзіміра Зяленскага ў Кіеве / УНИАН
9 красавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Борысам Джонсанам і канцлерам Аўстрыі Карлам Негамерам. І калі аб перамовах з Негамерам было вядома, то прыезд Джонсана стаў сюрпрызам нават для ўкраінскіх СМІ.
На сустрэчы з аўстрыйскім канцлерам Зяленскі заявіў, што Украіна заўсёды гатова да перамоваў, паколькі яе мэта — скончыць вайну.
"Паралельна, на жаль, мы бачым, што рыхтуецца важная, а нехта гаворыць — вырашальная бітва на ўсходзе нашай краіны", — канстатаваў Зяленскі.
Як заяўлялася раней, Расія канцэнтруе свае сілы на ўсходзе і поўдні Украіны. Па словах Зяленскага, вакол Марыупаля сабралася 10 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Прэзідэнт Украіны ўпэўнены, што далейшы ход вайны будзе залежаць ад дапамогі Украіне з боку дзяржаў, якія яе падтрымліваюць, ад гатоўнасці ўкраінскай арміі і ад таго, як далёка гатовы зайсці Пуцін.
У сваю чаргу Карл Негамер сказаў, што Аўстрыя працягне падтрымліваць Украіну і санкцыі ЕС супраць Расіі.
8 красавіка Украіну наведала кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон Ляен, кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль і прэм'ер Славакіі Эдуард Гегер. Яны з'ездзілі ў Бучу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.