Дачка Міколы Статкевіча атрымала першы ліст ад бацькі
Экс-кандыдат у прэзідэнты ўжо тры месяцы знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Першы ліст ад бацькі атрымала дачка экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча — Кацярына. Ён датаваны 7 сакавіка. З ліста вынікае, што ранейшыя лісты, якія дасылаў палітык сваякам, не дайшлі да адрасатаў. А са слоў адваката вядома, што сам Статкевіч толькі нядаўна атрымаў пошту ад дачкі.
Як паведамляе "Народная воля", Мікола Статкевіч не скардзіцца на здароўе, піша, што аднаўляе згубленую за час галадоўкі вагу.
Нагадаем, Статкевічу выстаўленае абвінавачванне ў арганізацыі "масавых беспарадкаў" 19 снежня мінулага году ў Мінску. У бліжэйшы час ён з адвакатам мусіць пачаць знаёміцца са справай.