ДАІ назвала дзеянні сваіх супрацоўнікаў правільнымі

Намеснік начальніка рэспубліканскага ДАІ Ігар Ваніцкі назваў правільнымі дзеянні супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі, якія прымалі ўдзел у затрыманні п'янага кіроўцы на трасе Мінск-Мікашэвічы 2 сакавіка. Такая выснова была зроблена па выніках службовай праверкі. Разам з тым, Ваніцкі прызнаў, што супрацоўнікі "некалькі спазніліся да таго месца, дзе можна было б бяспечна спыніць парушальніка". Ён растлумачыў, што гэта звязана ў першую чаргу з перабоямі ў радыёсувязі.

Па словах Ваніцкага, у машыны ДАІ, якая праследвала парушальніка ад населенага пункта Гарадзішча, доўгі час не было сувязі. Выйсці на сувязь з дзяжурнай часткай Мінска атрымалася толькі за 19 хвілінаў да ДТЗ.

Пасля атрымання інфармацыі аб парушальніку на яго затрыманне з Мінска выехалі 2 патрульныя машыны. Яны рухаліся побач па сустрэчнай паласе з уключанымі маячкамі, дальнім святлом фар і гукавой сігналізацыяй насустрач парушальніку.

Калі аўтамабілі ДАІ наблізіліся да галавы калоны аўтатранспарту, у якой ехаў парушальнік, яны паспрабавалі расчысціць участак дарогі ад транспартных сродкаў, якія спыніліся, убачыўшы аўтамабілі ДАІ з уключанымі спецсігналамі".

Для гэтага, па словах Ваніцкага, адзін з супрацоўнікаў ДАІ выйшаў з аўтамабіля і жэстамі паспрабаваў паказаць машынам, каб яны працягнулі рух. У той момант, калі першыя аўтамабілі паехалі, і адбылося ДТЗ.

Ён растлумачыў, што мэтай супрацоўнікаў ДАІ, якія выехалі з Мінска на затрыманне парушальніка, было расцягнуць прыладу "вожык" для праколвання шын, аднак у іх не хапіла для гэтага часу. Ваніцкі выказаў здагадку, што ў гэтай сітуацыі кіроўцы, што спыніліся, маглі няправільна зразумець жэсты інспектара, у выніку чаго і з'явілася інфармацыя пра тое, што ДАІ спрабавала блакаваць дарогу з дапамогай прыватных аўтамабіляў.

Першую спробу спыніць парушальніка за перавышэнне хуткасці супрацоўнікі ДАІ распачалі ў раёне Гарадзішча, аднак кіроўца не выканаў патрабаванне і працягнуў рух. У выніку экіпажу патрульнай машыны давялося арганізаваць праследаванне парушальніка.

Супрацоўнікі ДАІ спрабавалі выклікаць дапамогу. Аднак бліжэйшы экіпаж, які знаходзіўся ў раёне Узды, "па аб'ектыўных прычынах не мог аказаць дапамогу ў затрыманні парушальніка, бо займаўся прыбіраннем нецвярозых пешаходаў з дарожнай часткі".

Ваніцкі паведаміў, што парушальнік рухаўся з хуткасцю 160 км за гадзіну і вышэй. Усе матэрыялы па дадзеным ДТЗ будуць накіраваныя ў пракуратуру Мінска або пракуратуру краіны для прававой экспертызы.

"Інтэрфакс"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі