Дарафеева замест “Дажынак” здымае кліп на Кіпры

Спявачка Ірына Дарафеева вырашыла гэтым разам прапусціць “Дажынкі”, узяла адпачынак і адправілася на Кіпр здымаць кліп. Пра тое, што нацыянальнае свята ў Рэчыцы Дарафеева прамяняла на замежны курорт Еўрарадыё даведалася ад сяброўкі спявачкі – Алены:

“Не, на жаль, у гэтым годзе не атрымліваецца ўдзельнічаць у “Дажынках”. Яна з’явіцца толькі 27 верасня. І толькі на 1 дзень. Пасля яны едуць у Растоў-на-Доне на фестываль”

У заслужаны адпачынак Ірына паехала са сваім дырэктарам Юрыем Савашам. Пра астатнюю кампанію спявачкі ў Еўрарадыё даведацца так і не атрымалася. Як стала вядома Еўрарадыё на Кіпры Дарафеева здымае кліп.

Затое на "Дажынках" выступіць нефармальны і вельмі арыгінальны беларускі гурт “Пиво вдвоём” і спявак Алег Газманаў. З асноўнымі мерапрыемствамі сёлетняга фестывалю Еўрарадыё азнаёміла ідэалагічны работнік фестывалю Валянціна:

“Праграма разлічана на 2 дні. У нас задзейнічана 6 буйных канцэртных пляцовак. Першы дзень – урачыстае адкрыццё фестывалю. Вечарам канцэрт Нацыянальнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Фінберга. Рыцарскі турнір будзе. Пасля – свята піва і феерверк. На другі дзень святочны канцэрт з удзелам Алега Газманава і Надзеі Чапрагі.

Потым гала-канцэрт, у якім будуць прымаць удзел толькі зоркі беларускай эстрады: Хлястоў, Алеся, Жанэт, Георгі Калдун, Паплаўская з Ціхановічам, Іскуі Абалян і іншыя. У гэты ж час на пляцоўцы амфітэатра будзе канцэрт з удзелам гуртоў “Лепрыконсы” “Пиво вдвоём”, “Da Vinci”, “Крамбамбуля”. Таксама на другі дзень будзе працяг рыцарскага турніру і свята піва”.

Дарэчы, прысутнасць у праграме"Дажынак" "Крамбамбулі" была большай нечаканасцю, чым адсутнасць Ірыны Дарафеевай. Еўрарадыё датэлефанавалася да дырэктара гурта Ганны Вольскай і спытала, ці сапраўды калектыў збіраецца ў Рэчыцу:

"Гэта цікавая прапанова, і калі б да нас звярнуліся, мы б яе абавязкова разглядзелі. Але калі гэта на бліжэйшых выходных, то мы не пагодзімся, бо ў нас запланаваны выступ недзе на Нарачы і для кампаніі Volvo".

Сам лідэр гурта Лявон Вольскі чуў пра выступ "Крамбамбулі" на "Дажынках" толькі ад шматлікіх сяброў, якія бачылі назву калектыву ў раскладзе свята.

Крыніца, блізкая да "Крамбамбулі", расказала Еўрарадыё, што прапанова ўдзельнічаць у "Дажынках" усё ж такі была.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі