"Дата генератар": 8 верасня 1514 года — бітва пад Оршай

"Дата генератар": 8 верасня 1514 года — бітва пад Оршай

506 гадоў назад, 8 верасня 1514 года, у ваколіцах Оршы адбылася бітва паміж войскамі ВКЛ з аднаго боку і Вялікага Княства Маскоўскага з другога боку.

Да рэвалюцыі пра Аршанскую бітву пісалі Карамзін і Салаўёў, Ключэўскі і Платонаў, іншыя гісторыкі. Князь Мікалай Галіцын у другім томе сваёй “Рускай ваеннай гісторыі” (1878) прысвяціў гэтай бітве цэлы раздзел! Ёсць згадка пра бітву ў 43-м томе знакамітай энцыклапедыі Бракгаўза і Ефрона, у артыкуле пра Оршу.

 

А вось у часы СССР расказваць пра гэту бітву было забаронена. Напрыклад, у дзясятым томе “Савецкай гістарычнай энцыклапедыі” (1967) ёсць маленькі артыкул "Орша", але няма ніводнага слова пра бітву. Ёсць артыкул “Астрог”, але нічога няма пра гетмана Астрожскага. Аршанская бітва не згадваецца ні ў адным з 16 тамоў гэтага акадэмічнага выдання. 

Маўчанне было перапынена толькі аднойчы, у 1956 годзе ў другім томе “Гісторыі ваеннага майстэрства” палкоўніка Яўгена Разіна (восем старонак). Але Разін праз сем гадоў памёр, і яго бліскучае трохтомнае даследаванне, якое выйшла на хвалі хрушчоўскай “адлігі”, савецкія гісторыкі з пагонамі на плячах і без пагонаў хутка забыліся і ніколі на яго не спасылаліся.  

У Беларусі першым напісаў пра Аршанскую перамогу Анатоль Грыцкевіч. У 1992 годзе ў часопісе “Спадчына”. На жаль, яго артыкул — гэта некрытычнае пераказванне публікацый польскіх аўтараў. У ім мноства недакладнасцяў (пачынаючы з няправільнага ўказання месца бітвы) і перабольшанняў (пра колькасць войскаў, велічыню страт…). Аднак пачатак быў пакладзены, і цяпер ёсць шмат публікацый на гэту тэму. 

Я таксама напісаў кнігу — “Орша, 8 верасня 1514 года”. Вось яна. Выйшла трыма выданнямі: два разы ў 2014 годзе і ў 2016-м. Агульны наклад больш за шэсць тысяч асобнікаў. Ёсць у абласных і раённых бібліятэках, можна знайсці ў крамах. Артыкулы пра бітву ёсць у інтэрнэце — на беларускай і рускай мовах. Але ў інтэрнэце чытайце толькі на нашай мове, бо рускія аўтары ўсе, як адзін, хлусяць пра гэту бітву.

Паўтараць напісанае няма сэнсу. Адзначу толькі чатыры важныя моманты: 

1. Бітва пад Оршай з'явілася цэнтральнай падзеяй вайны 1512–1522 гг., якую распачаў маскоўскі князь Васіль III. Мэтай вайны было знішчэнне ВКЛ і захоп усёй яго тэрыторыі. Перамога пад Оршай сарвала тую спробу, хоць вайна цягнулася яшчэ сем гадоў.

2. Перамога пад Оршай адыграла найважнейшую ролю ў развале антыягелонскай кааліцыі, якая складалася з Аўстрыі, Брандэнбурга, Саксоніі, Тэўтонскага Ордэна, Даніі, Валахіі, Крымскага Ханства і Масковіі. Праўда, ВКЛ на 100 гадоў страціла Смаленск, але гэта невялікая бяда ў параўнанні з пагрозай існаванню ўсёй дзяржавы.

3. Нягледзячы на вялікую перавагу Масквы ў колькасці ваяроў: 32 тысячы супраць 14 тысяч (у 2,2 раза) перамог гетман Астрожскі. Ён перасягнуў маскоўскіх ваявод сваім ваенным майстэрствам. Гетман ужыў шмат навінак, што ўвайшлі ў падручнікі па гісторыі ваеннага майстэрства. Назаву толькі адну — першае ў гісторыі ўжыванне артылерыі непасрэдна на полі бою.                   

4. Маскоўцы былі разбітыя ўшчэнт. Яны страцілі загінулымі і палоннымі больш за 14 тысяч чалавек. Пры гэтым было страчана амаль усё дваранскае коннае апалчэнне — галоўная ўдарная сіла Масквы. Менавіта таму ў наступныя гады вайны не было ніводнай бітвы — толькі асобныя рэйды і сутычкі. А сярод палонных апынуліся: галоўнакамандуючы Іван Чаляднін, 8 вялікіх ваявод з 11, 37 меншых ваявод, паўтары тысячы дваран, больш за дзве тысячы баявых халопаў і гараджан.

Вось такая выдатная перамога. Менавіта 8 верасня павінна быць Днём абаронцаў Айчыны, а не 23 лютага, калі немцы паспяхова ішлі на Петраград, не сустракаючы аніякага супраціву!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі