Даўгі кампаній з Расіі перад беларускімі пастаўшчыкамі сёлета выраслі
Пра гэта паведаміў дарадца беларускага пасольства ў Расіі Уладзімір Калтовіч.
3 красавіка ў Маскве прайшла сустрэча генпракурораў Беларусі і Расіі Аляксандра Канюка і Юрыя Чайкі. Гаворка ішла пра спагнанне пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці беларускім прадпрыемствам за прадукцыю, пастаўленую расійскім суб'ектам гаспадарання. На 1 лютага 2015-га яна склала 3,6 трлн рублёў. За студзень запазычанасць вырасла на 26%.
"Плаціць сталі горш", — цытуе словы дарадцы беларускага пасольства ў Расіі Уладзіміра Калтовіча БЕЛТА. Паводле яго слоў, на расійскія кампаніі прыпадае 60% агульнай дэбіторскай запазычанасці з боку пакупнікоў беларускіх тавараў. І прагнозы такія, што фінансавае становішча расійскіх пакупнікоў будзе пагаршацца, адзначыў Калтовіч.
Як заявіў у Маскве Аляксандр Канюк, Генпракуратура Беларусі распачала шэраг крымінальных спраў па асобных фактах узнікнення пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці. "Мы ўзялі сітуацыю пад
пільны кантроль і ў любым выпадку будзем праблему вырашаць", — паабяцаў ён.
Фота: Fotolia