Давід Крал: Чэшскі ўрад гуляе ў дзіўную гульню

Нямеччына настойвае на ратыфікацыі Лісабонскага трактату, нягледзячы на тое, што ірландцы прагаласавалі супраць, паведаміла сёння БіБіСі. Чэхія – адзіная краіна, што адкрыта падтрымала вынікі рэферэндуму ў Ірландыі наконт Лісабонскага трактату. Прэзідэнт Вацлаў Клаус быў адным з першых, хто выказаўся супраць аб’яднанай Еўропы як палітычнага суб’екта і Еўраканстытуцыі. Аднак не ўсё ў гэтай сітуацыі так проста, лічыць дырэктар Еўрапейскага інстытута палітыкі Еўропы ў Празе Давід Крал. Па яго словах, адзінай думкі пра праблему ў краіны пакуль няма.

Давід Крал: “Сёння яшчэ нічога не зразумела. Таму што ўнутры краіны няма адзінай думкі на гэтую тэму. Што вядома дакладна, дык гэта тое, што галоўная апазіцыйная партыя сацыяльных дэмакратаў настойвае на тым, каб працягваць ратыфікацыю, і стараецца праціснуь Трактат у парламент”.

У самім жа ўрадзе пазіцыя больш складаная. Ёсць партыі і палітыкі, якія хацелі б працягнуць ратыфікацыю, бо яны разумеюць, што існуе моцны ціск з боку іншых краін Еўрасаюза. Але ў чэшскім урадзе ёсць і даволі моцны блок, якім не падабаецца Трактат. І яны падтрымліваюць Ірландыю. Таму сітуацыя гэта даволі слізкая, лічыць Давід Крал:

“Таму, я б сказаў, што гэта даволі слізкая сітуацыя для чэшскага прэм’ер-міністра, таму што ён павінен змагацца з апазіцыяй з аднаго боку. І пастаянна павінен змагацца са сваёй партыяй і тымі, хто супрацьстаіць Трактату”.

Палітык не ўпэўнены, што ў Чэхіі і Ірландыі ёсць нейкі ўзгоднены план дзеянняў. І на саміце Савета Еўропы, які адбудзецца днямі, хутчэй за ўсё Чэхія не ўнясе ніякіх альтэрнатыўных прапаноў, лічыць спадар Крал.

Давід Крал: “Я не думаю, што мы ўвогуле будзем мець нейкія альтэрнатыўныя прапановы. Таму што будзе вялікі ціск з боку Францыі і Нямеччыны. Урад заганяе нас у ізаляцыю, таму што Вялікабрытанія за ратыфікацыію. Прэм’ер-міністр Гордан Браўн ужо заявіў пра гэта. І наколькі я ведаю, Лех Качынскі і польскі ўрад таксама заявілі, што будуць выступаць за ратыфікацыю. Атрымліваецца, што толькі чэшскі ўрад гуляе ў гэтую дзіўную гульню, калі невядома нават, як зробіць Ірландыя”.

Толькі вось ад вынікаў гэтай дзіўнай гульні залежыць лёс усёй Еўропы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі