Дэлас: Euthanasia — гэта жорсткая музыка без усялякіх кампрамісаў

Калі шукаеш музычную альтэрнатыву, знаёмся з промагрупай Euthanasia. Хлопцы ўжо 6 гадоў “валяць” транс і хард тэхна. Тося Кукс: Якую музыку прадстаўляе промагрупа Euthanasia?

Dj Дэлас, промагрупа Euthanasia:
Нашыя мерапрыемствы, калі яны вялікія, — гэта заўсёды псіхадэлік-транс раз, хард тэхна, хард кор — два, а трэці танцпол — драм’энд’бэйс, брэйк кор, электра. Але пакуль, безумоўна, пераважае драм’энд’бэйс. Некаторыя людзі памылкова лічаць, што  інтэрнэт-партал drumandbass.by заўсёды з намі. Драм’энд’бас быў узяты па двух прычынах. Па-першае, ён папулярны і збірае шмат людзей.

Па-другое, як ні круці, гэта таксама цікавая музыка і не такая яно ўжо і камерцыйная. У мяне, напрыклад, ёсць жаданне развівацца і рабіць вялікія мерапрыемствы з рознымі танцполамі. Што браць акрамя транса і хард тэхна/хард кора, каб гэта было не папсова, некамерцыйна і сходна? Відавочна драм’энд’бэйс. Ён, як мне падаецца, вельмі някепска дапаўняе нашыя мерапрыемствы ў якасці трэцяга танцпола.

Тося: Што для цябе самае галоўнае ў арганізацыі мерапрыемстваў?

Дэлас: Для меня самае галоўнае, у першую чаргу, гэта наяўнасць добрага гуку. Па-другое, павінна быць добрая музыка. Потым, безумоўна, месца выбіраем, афармленне і шмат розных іншых момантаў.

Тося: І атрымліваецца ў Беларусі рабіць добры гук?

Дэлас: З таго, што ёсць у нас, мы намагаемся браць самы добры гук. Але, на вялікі жаль, калі ў Мінску і ёсць добры гук, то ён у дзяржаўных установах — такіх, як Палац Рэспублікі, Палац спорту. Хаця апошнім часам з’яўляюцца новыя людзі, новы гук набываюць. Тыя ж Organic Family набылі даволі добры камплект італьянскага гуку Montarbo. Нам ён вельмі падабаецца, мы магчыма ў бліжэйшым часе будзе яго браць.

Тося: Як ты ставішся да супрацоўніцтва з іншымі промагрупамі?

Дэлас: Калі мы робім імпрэзу і кагосьці запрашаем, то тыя людзі не абмежаваныя нічым, але дзесьці мы можам націснуць і сказаць, каб было менавіта так і так. Плюс — калі мы робім мерапрыемства, то і за вынікі мы адказваем, добрыя яны ці дрэнныя. І яшчэ такі момант: так як зробіш ты сам, ніхто так не зробіць.

Тося: Euthanasia прадстаўляе сярод іншага псіхадэлік-транс. І промагрупа  Organic Family таксама прадстаўляюць транс. Якая паміж вамі розніца?

Дэлас: Насамрэч розніца вялікая: падыход да арганізацыі мерапрыемстваў, падыход да музыкі. Я, напрыклад, заўсёды прагнуў абсалютна жорсткага гучання, і на нашых вечарынках па сутнасці заўсёды граў некамерцыйны псіхадэлік-транс. Быў досвед запрашэння іншых дзіджэяў, што гралі прагрэсіў па сутнасці, ці які не будзе іншы саўнд. Але ў асноўным маем заўсёды жорсткую, некамерцыйную пазіцыю: некамерцыйнае гучанне. Organic Family больш за ўсё спецыалізуюцца на прыватных мерапрыемствах. Проста яны бачаць свае мерапрыемствы і гэтую культуру па-свойму, мы бачым гэта па-свойму.

Тося: Як ты ставішся да оўпэн эйраў?

Дэлас: Больш я схіляюся да закрытых пляцовак. Я не супраць мерапрыемстваў на прыродзе. Шмат хто схіляецца да оўпэн эйраў: прырода, свежае паветра, адкрытая прастора, сцены не ціснуць і г.д. Для мяне самае важнае, каб была добрая музыка, а ўжо дзе гэта будзе  — гэта не так важна.

Тося: Прайшлі чуткі, што Euthanasia стала афіцыйнай арганізацыяй і больш оўпэн эйраў не будзе. Ці так гэта?

Дэлас: Насамрэч, хочацца рабіць вялікія мерапрыемствы, і рана ці позна пачынаеш разумець: калі ты хочаш іх рабіць стала і нармальна, то іх трэба рабіць выключна афіцыйна. Да гэтага ў мяне быў ІП, але ён мае абмежаванні на збор людзей. Гэта 150 чалавек не залежна ні ад чаго. І я зразумеў: каб рабіць вялікія і сур’ёзныя мерапрыемствы  (а яны ўжо праходзілі і яшчэ будуць пад маім дакументам), я вырашыў зрабіць прыватнае унітарнае прадпрыемства. У нашай краіне ёсць спрошчаная сістэма падаткаабкладання. Лібералізацыя пачалася, і стала трошкі прасцей працаваць.

Тося: Як ацэньваеш стан беларускай электроннай сцэны?

Дэлас: Яна ў нас вельмі дрэнна развітая: суцэльная паўсюль камерцыя. Але ў прынцыпе тое, чым мы займаемся ўва ўсім свеце заўсёды было не масавым, стаяла асабняком. Гэта зразумела, і тое, што ў нас такая ж карціна, тут няма нічога дзіўнага. У прынцыпе, тое, што ёсць, задавальняе. Безумоўна, хацелася б, каб больш людзей прыходзіла. Ці нават не людзей, а больш нейкага выніку станоўчага.

А калі ў цэлым браць, я не бачу ў нашай краіне сур’ёзных зменаў на працягу доўгага часу. Так, безумоўна, ў нас з’явілася больш промагруп, шмат дзіджэяў, музыкаў. Калі ўзяць апошнія 10 гадоў, то ў колькасным плане змены вялікія, і інакш не магло быць дзякуючы з’яўленню высокахуткаснага інтэрнэту, з’явілася больш людзей, што слухаюць музыку. Але наколькі ў якасным плане змяніліся паказчыкі, пытанне вельмі неадназначнае. Разам з даступнасцю і масавасцю, з’явілася шмат нецікавага, нудотнага і безгустоўнага. З’явілася шмат арганізатараў, але ці ўсе робяць якасныя мерапрыемствы і ці ўсе гатовыя пайсці на шкоду сабе дзеля таго, каб мерапрыемства было лепей і цікавей.

Электронная сцэна ў нас, якая-ніякая, ёсць, але не скажу, што яна якасная і сур’ёзная. І ўвогуле, пра якую сцэну можа ісці гаворка, калі па сутнасці ў нас няма клуба! Усе скажуць “Як гэта ў нас няма клуба?! А Step, Fabrique?”. Але гэта не клуб, які арыентуецца на клубную музыку і працуе нон-стоп і там прадстаўленыя ўсе стылі. Не, гэта клубы, дзе ёсць абсалютна розная музыка, і працуюць яны толькі па выходных. А паглядзець сродкі масавай інфармацыі… Апошнім часам ажывіўся інтэрнэт, з’явіліся розныя рэсурсы, але зноў жа ў нас няма ні журнала, ні радыёпраграмы, ні тэлеперадачы. Уявіце, на краіну ў 10 мільёнаў і на горад ў 2 мільёны ў нас няма неабходнай інфармацыі! Няма адчувальнага скачка… Млява бягучы працэс  з пераменным поспехам, які то набірае абароты, то скідае…

Тося: Якую музыку слухаеш?

Дэлас: Я слухаю самую розную музыку. Адсоткаў 80-90 майго часу — гэта псіхадэлік-транс. Астатні час у мяне займае эмбіент, прычым эбміент менавіта ў класічным разуменні: такі як дарк, дрон, гукавыя ландшафты. Псайэмбіент увогуле не пераварваю! Акрамя гэтага слухаю тэхна, хард кор, драм’энд’бэйс

Тося: Як ты ставішся да жывой музыкі?

Дэлас: Вельмі станоўча. Для мяне важная сама музыка. Апошнім часам узнікаюць вельмі шмат размоў наконт таго, хто такі дзіджэй, што дзіджэй — гэта ніхто, што галоўнае — гэта музыка. Я заўсёды казаў: дзіджэй — гэта дзіджэй, музыка — гэта музыка. Гэта настолькі розныя рэчы, што не трэба нават іх параўноўваць. Калі музыка, што грае жывую музыку на гітары, барабанах і г.д, намагаецца параўнаць сябе з музыкай, што грае на электронных інструментах, гэта таксама няправільна. Калі чалавек піша музыку, я не высвятляю, як ён гэта робіць і на чым. Калі яна цікавая, выклікае ў цябе эмоцыі, то гэта і ёсць самае галоўнае. Не трэба рыцца ў тым, як яна зроблена.

Ёсць розная музыка і яна па-рознаму ствараецца: ёсць, што граецца выключна на жывых інструментах, ёсць тая, што граецца выключна пры дапамозе сінтэзатараў, камп’ютара і г. д. Важны эфект. Дзіджэй ніколі не прэтэндуе на месца музыкі. Ён прыпадносіць тое, што любіць. Ён не мае магчымасці пісаць музыку з пэўных прычынаў. Калі я як дзіджэй узяў трэкі беларускіх музыкаў і зграў іх, і калі гэтай музыкай зацікавіліся людзі з іншых краінаў і захочуць запрасіць музыкаў да сябе — ці дрэнна гэта? Насамрэч дзіджэй — гэта рухавік музыкі ў масы. Музыка супрацьстаўляе сябе дзіджэю…! Навошта? Гэта смешна. Ёсць жа іншыя музыкі, параўноўвай сябе з імі. Вось гэта будзе іншая размова, вось гэта будзе цікава.

Тося: Дэлас, давай паразмаўляем пра крытыку Euthanasia за апошнія паўгода…

Дэлас: Вельмі добрае стаўленне як ні дзіўна. Не тое, каб мы сталі горш ці лепш. Проста Euthanasia за ўсе 6 гадоў існавання не сышла са шляху, па якому пайшла першапачаткова. Яна не занялася камерцыяй, не змяніла сваім стылям і прынцыпам. Як быў такі магутны касцяк, такі ён і застаўся. Па-другое, мы не сталі грэбаваць якасцю правядзення мерапрыемстваў. Для нас заўсёды было важна, каб імпрэза было добра арганізаваная: добры гук, святло. Музыка, пляцоўка.

І людзі гэта бачаць насамрэч, бачаць цікавыя ідэя, якія мы выкарыстоўваем у арганізацыі. Калі гэта оўпэн эйр, то ён таксама з пэўнай разыначкай. Той жа S.T.A.L.K.E.R., напрыклад. Шмат хто настолькі палюбіў гэтае мерапрыемства, што людзі проста тэлефануюць і пытаюць: “Калі будзе S.T.A.L.K.E.R.? Проста S.T.A.L.K.E.R." Плюс мы сталі запрашаць больш замежных гасцей. Гэта значыць, што мы не стаім на месцы, мы стараемся развівацца.

Тося: А ты не баішся масавасці?

Дэлас: Пара ўжо перастаць гэтага баяцца. Што тут такога? Калі гэта цікава людзям — мне што, трэба забараніць хадзіць на мерапрыемствы? Што тут такога, што людзі пачынаюць цікавіцца гэтай музыкай?   Сутнасць у тым, што тыя, каму гэта трэба, будуць заўсёды прыходзіць. Лішнія людзі адсеяцца самі па сабе.

Тося: Крэда Euthanasia?

Дэлас: Без кампрамісаў, бязлітасна. Мы робім усё магутна, сурова, жорстка, каб сур’ёзна, моцна і з размахам.

Тося: Скажы пару словаў тым, хто не ведае, што такое Euthanasia…

Дэлас: Я скажу, што не трэба накідвацца на ўсё адразу і намагацца прыйсці на нашыя вечарыны. Людзі рана ці позна знаходзяць тое, што ім трэба, тое, што яны палюбяць і тое, што будзе іх. Не трэба кідацца з крайнасці ў крайнасць ці быць заўсёды ў пошуку. Яно прыйдзе само сабой.

Калі будзе жаданне прыйсці на нашыя вечарыны, калі ласка! Мы будзе толькі радыя. Але я заўсёды папярэджваю людзей, што могуць быць трошкі не ў тэме: тое, што вы там пачуеце, можа настолькі розніцца з тым, што вы звыкліся слухаць, што вы проста можаце сысці і вам проста можа не спадабацца. У людзей застаецца выбар — ісці да нас ці не.

Фотаздымкі: з архіва Дэласа.

Падчас выхаду інтэрв'ю ў прамым эфіры гучаў сэт Дэласа з вечарыны "Шасцігоддзе Euthanasia".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі