Дэлегацыя АБСЕ праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады і апазіцыі

Дэлегацыя Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) на чале са шведскай дэпутаткай Сесіліяй Вігстрам знаходзіцца ў Мінску.
Паводле звестак БелаПАН, у панядзелак дэлегацыя сустрэнецца з прадстаўнікамі палітычных партый і няўрадавых арганізацый, віцэ-спікерам Палаты прадстаўнікоў, кіраўніцтва Цэнтрвыбаркама і Мінюста. А на 22 снежня запланаваныя перамовы з беларускім МЗС.

Як паведамляе Радыё Свабода, ужо адбылася сустрэча з апазіцыяй. Яе прадстаўлялі Юрась Губарэвіч, Зміцер Дашкевіч, Аляксандр Казулін, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч, Віталь Рымашэўскі.

Нагадаем, офіс АБСЕ ў Мінску дзейнічае з 2003 года. Яго мандат дзейнічае на працягу года і працягваецца пры згодзе беларускага ўраду. Пакуль сваё рашэнне на 2010 год беларускія ўлады не аб'явілі. У верасні кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзімір Макей заявіў, што "беларускі бок вымушаны сур'ёзна задумацца над перспектывамі далейшай дзейнасці офіса АБСЕ ў Мінску".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі