Дэмакратычныя арганізацыі дамовіліся пра сумеснае святкаванне 100-годдзя БНР
15 студзеня ў Мінску на сядзібе Партыі БНФ адбылося пашыранае пасяджэнне аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Як піша сайт charter97.org, у пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі большасці дэмакратычных партый і рухаў: мастакі Мікола Купава і Алесь Марачкін, лідары незарэгістраванага Беларускага нацыянальнага кангрэсу Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч, сустаршыні аргкамітэта партыі БХД Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі, лідар "Руху за Свабоду" Юрась Губарэвіч, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, лідар незарэгістраванага руху салідарнасці "Разам" Вячаслаў Cіўчык. Агулам прысутнічала больш за 30 чалавек.
На пасяджэнні было вырашана 25 сакавіка правесці ў Мінску масавую вулічную акцыю. Святкаванне Дня Волі аргкамітэт хоча пачаць на плошчы Якуба Коласа і па праезнай частцы праспекта Незалежнасці прайсці да Плошчы Свабоды.
Арганізатары плануюць падаць заяву на правядзенне акцыі ў Мінгарвыканкам. Таксама плануецца прыняць зварот да ўладаў, каб прызнаць Дзень Волі афіцыйным святам. Да юбілейнай даты мяркуецца ўсталяваць мемарыяльныя шыльды, звязаныя са стварэннем БНР і яе гісторыяй, правесці святочныя канцэрты ды імпрэзы.