Дэпутаты і сенатары ратыфікавалі кодэкс Мытнага саюзу?

Расійскія інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць пра ратыфікацыю і спасылаюцца на "крыніцы ў беларускіх органах дзяржкіравання". Беларускія афіцыйныя СМІ гэта пакуль ніяк не каментуюць. "Беларускі парламент ратыфікаваў кодэкс Мытнага саюзу з Расійскай Федэрацыяй і Казахстанам", паведамляе РІА "Новости" са спасылкай на ананімныя крыніцы ў парламенце. Больш падрабязна інфармуе агенцтва ПРАЙМ-ТАСС, якое не толькі піша пра ратыфікацыю дамовы палатамі беларускага парламента са спасылкай на "крыніцы ў беларускіх органах дзяржкіравання", але і прыводзіць пацверджанне "крыніцы, блізкай да расійскага ўраду".

Нагадаем, у сераду многія беларускія СМІ паведамілі, што Палата прадстаўнікоў на сваім апошнім пленарным паседжанні вясенняй сесіі не разглядала пытанне аб ратыфікацыі Мытнага кодэксу. Увечары шэраг расійскіх інфармацыйных агенцтваў паведамілі, што разгляд усё ж адбыўся ў другой палове дня на закрытым паседжанні.

Адзначым, што Мытны кодэкс уступае ў дзеянне з 1 ліпеня. Ён ужо ратыфікаваны Расіяй і Казахстанам. Беларусь устрымлівалася ад ратыфікацыі з-за нявырашанай праблемы з адменай пошлінаў на расійскую нафту і нафтапрадукты.

Калі інфармацыя пра ратыфікацыю беларускім парламентам кодэксу Мытнага саюзу адпавядае сапраўднасці, ён яшчэ мусіць быць падпісаны кіраўніком дзяржавы.


Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі