"Детидетей" прадставілі новы кліп на Суздальскім фэсце анімацыйнага кіно

На пачатку сакавіка гурт "Детидетей" выступіў з канцэртам у рамках Суздальскага Адкрытага Расійскага фэсту анімацыйнага кіно. Ініцыятарам удзелу гурта ў прэстыжным праекце выступіла вядомы расійскі рэжысёр-мультыплікатар Разалія Зельма, а падтрымала яе беларуская калега - рэжысёр-аніматар кінастудыі "Беларусьфільм" Ірына Кадзюкова. У рамках гэтага выступу "Детидетей" прадставілі шырокай публіцы новае відэа на песню "Сіняе-сіняе". Акалічнасці склаліся як ніколі ўдала. Справа ў тым, што кліп збольшаго мультыплікацыйны. А сюжэт роліка пабудаваны на старым вядомым мультфільме "Дзяўчынка і дэльфін", рэжысёрам якога з'яўляецца сама Разалія Зельма.

"Калі мы пачалі рыхтавацца да здымак кліпа, то зразумелі, што песня асацыюецца ў нас менавіта з гэтым мульцікам. Мы вырашылі ўзяць з яго некаторыя кадры. Давялося шукаць рэжысёра, каб атрымаць афіцыйны дазвол. Гэта было няпроста, і нам вельмі дапамаглі нашыя фанаты, за што ім асобны дзякуй. Так мы і пазнаёміліся з Разаліяй Барысаўнай. За гэтым было запрашэнне на фэст", - распавялі "Детидетей".

Агульна прызнаецца, што фэст з'яўляецца адзіным прафесійным аглядам створанага ў расійскай анімацыі за год. Журы - калегія экспертаў - 33 паважаныя і аўтарытэтныя прадстаўнікі творчых і іншых прафесій.

Конкурсная праграма: 85 мультфільмаў. Агульны хранаметраж – больш за 14 гадзін лепшай анімацыі за год.

"Мы паглядзелі зусім невялікі кавалачак фэставай праграмы, - дзеляцца ўражаннямі "Детидетей", - але і гэтага цалкам хапіла, каб зарадзіцца энергіяй і натхненнем для новых ідэй. А самым адказным для нас было тое, што наш кліп глядзелі найлепшыя расійскія аніматары".

Адразу пасля Суздаля "Детидетей" адыгралі канцэрт, які прайшоў з поўным аншлагам у Маскве. А напярэдадні паездкі гурт быў прызнаны "Адкрыццём года" і ўзнагароджаны рок-каронай на "Рок-Каранацыі 2007".

Па матэрыялах tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі