D.O.Z.S.K.I. і Chasqui прабілі паветраны шар павярхоўнасці і пустэчы

Цемра. Каляровыя сафіты. Тысяча белых паветраных шароў падаюць на сцэну. А потым цягам 60 хвілін паветраны шар выконвае ролю таго самага крохкага, што мелі на ўвазе аўтары спектакля “Бегство, или осторожно! Хрупкое!”

Нагадаем, спектакль адбыўся пры ўдзеле мінскага тэатра сучаснай харэграфіі “D.O.Z.S.K.I” і берлінскага тэатра вольнай пластыкі CHASQUI. Пастаноўшчыкам дзеі выступіла стваральніца CHASQUI, беларуска Вольга Костэль, якая зараз жыве і працуе ў Берліне. Тэма гламуру, бляску і перавагі матэрыяльнага над духоўным – настолькі папулярнай ў свеце, не абмінула і творчую думку Вольгі.

Вольга Костэль: "Спектакль створаны ў стылі сучаснага нямецкага танц-тэатра. Гэта сукупнасць вербальнага і пластычнага тэатра. У ім я спрабавала паказаць тэму глабальнага ўзаемадзеяння рэкламы і чалавека. Наколькі мы заняволеныя слоганамі, якія намі потым кіруюць і становяцца нашымі межамі. Як людзі бягуць ад сябе, запакоўваючы сябе ў межы рэкламнага слогана".

Яркая афіша, прысутнасць нямецкага і імя “D.O.Z.S.K.I” абяцалі сенсацыю і напоўнілі залу палацу Прафзаюзаў бітком. Часткова “карцінка” сябе апраўдала: складаная лексіка, сумесь вербальнага і пластычнага, экспрэсія, крыкі, выдатная ігра акцёраў-танцоўшчыкаў вызывалі масу эмоцый у гледачоў. Аднак адчувалася нейкая павярхоўнасць дзеі і перавага тэхнікі над глыбінёй, якая заўсёды адрознівае спектаклі саміх “Досак”. Падобнага меркавання прытрымліваецца балетазнаўца і даследчыца сучаснага танца Святлана Ўланоўская.

Святлана Ўланоўская: “Досак” увогуле там не было. І стылістыка спектакля цалкам адрозніваецца ад спектакляў “Досак”, у якіх ёсць развіццё, драматургія, а тут мне ўсё было зразумела з першай хвіліны прагляду. Адзінае, цікава глядзець з пункту гледжання лексікі, тэхнікі новай, прыёмаў сцёбных, прыкольных і т.д. Тэма сур’ёзная, але яе асэнсаванне дастаткова спрошчанае. “D.O.Z.S.K.I” больш капаюць углыб”.

За “D.O.Z.S.K.I” у спектаклі выступалі акцёры Вольга Скварцова і Андрэй Дзмітрыеў, за CHASQUIМіхаіл Лер і Андрэа Шыфер. Паколькі мінская публіка ўжо добра знаёмая з фішкамі “Досак”, фішкі нямецкіх танцоўшчыкаў выклікалі непадробнае захапленне!

Глядачка: “Раней у “Досак” не было такіх яркіх афіш, і да таго ж яны ставілі спектакль разам з нямецкім тэатрам – гэта паўплывала на маё рашэнне прыйсці. Падумала, можа немцы нешта цікавае ўнясуць! Немцы ўнеслі! Дзяўчына была вельмі моцная! Яна нават больш свайго партнёра падкідвала і круціла, чым ён яе”(смяецца).

Дзяўчат чамусьці больш ўразіла моцная і мажная нямецкая танцорка, а мужчын – далікатны і лёгкі нямецкі танцор!

Хлопец: "Мне вельмі спадабалася! Вельмі крэатыўныя немцы! Пра што спектакль? Пра ўсе нашы жаданні, пра імкненне да чагосьці больш прыгожага, матэрыяльнага, пра любоў і пра тое, што не трэба быць сквапным. Мне вельмі спадабаўся немец сваёй разняволенасцю. Я проста ўбачыў кіно, кіно і немцы! Вельмі класна!"

Такім чынам, паветраныя шары – як частка сцэнічнага антуражу, частка душы, твар, сіліконавы грудзі, марская пена, дыяменты… Ён і яна, яны, пачуцці, флірт, сэкс, барацьба за п’едэстал… Высокія абцасы, кароткія спадніцы, англійская мова, бліскучыя дэкальтэ, кубікападобны торс, ідэалы прыгажосці… Што адбываецца ў нашых галовах?

Святлана Ўланоўская: “Спектакль пра пустату свядомасці сучаснага чалавека, пра бачныя, павярхоўныя каштоўнасці, якія насамрэч пры найменшай праверцы на трываласць аказваюцца такімі ж крохкімі, як паветраны шарык”.

Во! На форуме старонкі www.dancesport.by знайшлося і такое меркаванне:
"Схадзіў. Апісаную вышэй сюжэтную лінію не ўбачыў. Выходзіць, што калі ўзяць танцораў, паставіць паслядоўнасць дзеянняў, асобныя сцэнкі, і дадаць рухі з сучаснай харэаграфіі, прычым, міма музыкі, то атрымаецца "пластычны спектакль". Я ўвогуле чакаў большага. Хаця б бачнага сюжэту і граматную сучасную харэаграфію. Цяпер буду ведаць, што такое пластычны спектакль. Неяк дзіўна, што тэатр сучаснай харэаграфіі D.O.Z.S.K.I. ( два чалавекі) падпісаліся на пластычны спектакль, выкарыстоўваючы брэнд D.O.Z.S.K.I. У нас, што, у горадзе няма калектываў , якія займаюцца пластычным спектаклем? Паважаная Вольга Скварцова, вы ж геніяльны харэограф! Навошта Вам гэтая "пластычныя" немцы? Калі так ужо хочацца з некім нешта замуціць, то чаму б не зрабіць сумесную пастаноўку з гуртом сумеснай харэаграфіі "ТАД" з Гродна? Я думаю, гэта быў бы поўны ўлёт! Альбо ў Мінску знайдзіце хоць бы тую ж "NOVA" альбо "МАГИЮ".

А гэта "раптоўны" канец спектакля:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі