ДПС: Дарогу інспектары перакрывалі сваімі машынамі?

Для спынення машыны, якая імчала з хуткасцю каля 180 кіламетраў у гадзіну, інспектары ДАІ перагарадзілі дарогу прыватнымі легкавымі аўтамабілямі, нікому не дазволіўшы выйсці з салону. Зараз ДАІ кажа, што дарогу перакрывалі службовымі машынамі. Але на пытанне Еўрарадыё, чаму тады ўцякач урэзаўся у прыватныя аўто, адказаць не могуць.
Пра гэту гісторыю паведаміў часопіс “Автобизнес-Weekly”. Пацвердзіў яе Еўрарадыё і адзін з пацярпелых падчас гэтай “спецаперацыі” ДАІшнікаў Юрый Пашкевіч.

Юры Пашкевіч: “Ехалі мы са Слуцку з жонкай і дзіцём дахаты. За вёскай Сенніца на ўездзе ў Мінск нас спынілі супрацоўнікі ДАІ. Нас стаялі чатыры машыны, і кожны стаяў у сваёй паласе. Прайшло секундаў 30-40, як я ўбачыў, што ўсе інспектары, якія стаялі перад нашымі машынамі, пачалі разбягацца. Я зразумеў, што штосьці не так, і паглядзеў у люстэрка задняга бачання. Мяне асляпіла фарамі, і я зразумеў, што на нас ляціць машына на вялікай хуткасці. Потым удар, і я страціў прытомнасць. Апрытомнеў толькі, калі ДАІшнікі даставалі мяне з машыны, бо ў яе заклініла дзверы”.

Па словах уладальніка BMW 525, першая яго думка была пра жонку і трохгадовую дачку: што з імі? Другая -- пра тое, што ўдар прыйшоўся ў тое месца, дзе знаходзіцца паліўны бак, і што яшчэ магчымы выбух і пажар. І толькі потым прыйшлі пытанні, чаму інспектары, выкарыстоўваючы іх машыны ў якасці перашкоды на шляху парушальніка, не прапанавалі ім пакінуць свае аўтамабілі.

Юрый Пашкевіч: “Там стаялі службовыя аўтамабілі. Чаму яны не перакрывалі дарогу гэтымі аўтамабілямі? Другое -- чаму іх аўтамабілі не абсталяваныя шыпамі для спынення такіх парушальнікаў?”

Па яго словах, за машыну ён атрымае страхоўку. Больш яго непакоіць тое, чым можа скончыцца гэта гісторыя для здароўя яго і сям’і.

Юрый Пашкевіч: “Маё шчасце, што за некалькі імгненняў да сутыкнення я ўбачыў, як яны лятуць, і папярэдзіў жонку, каб яна моцна прыціснула да сябе дзіця і сама ўціснулася ў сядзенне. Гэта зараз, здаецца, нармальна – страсенне, троху пабіты. Але дзіця што раскажа? Кажа, галава балела, шышак быў, а што больш дакладна раскажа трохгадовае дзіця?”

Адвакат Вера Страмкоўская расказала Еўрарадыё, што пяцёра пацярпелых – чатыры дарослых і дзіця – да гэтага часу атрымліваюць псіхалагічную дапамогу ў дактароў. Хто будзе пакараны за здарэнне на трасе Мінск-Мікашэвічы, яна пакуль казаць не можа.

Вера Страмкоўская: “Трэба вызначыць, хто вінаваты ў стварэнні гэтай сітуацыі. Можа, гэта быў загад начальніка, тады ў інспектараў будзе адна адказнасць. Калі гэта самадзейнасць інспектараў – тады іншая дказнасць. Давайце пачакаем, абставіны высветлім”.

Чакаюць высвятлення абставінаў і ўдакладненняў і ў ДАІ. Як паведаміў Еўрарадыё начальнік рэспубліканскай ДПС Юрый Літвін, дзеянні інспектараў правяраюцца. Сёння пасля абеду намеснік начальніка ДАІ паедзе ў Генпракуратуру, дзе нібыта будзе вырашацца, у якім кірунку гэтае разбіральніцтва пойдзе далей.

Юрый Літвін: “Зараз я ніякіх каментароў даваць не буду, бо цяпер усе дзеянні пераправяраюцца. У тым ліку дзейнасць і правільнасць зробленага нашымі інспектарамі. Пасля таго, як мы і пракуратура разбярэмся, будуць каментары. Але сёння намеснік начальніка ДАІ едзе ў Генпракуратуру з гэтай нагоды разбірацца. Якое рашэнне там прымуць, пасля гэтага мы і пагаворым”.

Начальнік ДПС выказаў сваю версію здарэння. Па яго словах, інспектары сапраўды перагарадзілі дарогу, але… сваімі машынамі.

Юрый Літвін: “Так, са Слуцку яны вялі пераслед аўтамабіля. Але дарогу яны перакрывалі сваімі машынамі”.

Еўрарадыё: “Якім жа чынам атрымалася, што пацярпелі аўтамабілі прыватныя?”

Юрый Літвін: “Вы ж самі разумееце, пераслед ідзе, ззаду машыны едуць, збоку… Вось пра што я кажу”.

Еўрарадыё: “А чаму інспектары не выкарыстоўвалі для спынення спецпрылады? Тыя ж шыпы?”

Юрый Літвін: “Шыпы не прымянялі таму, што на той момант у інспектараў іх не было”.

Кім з’яўляецца кіроўца машыны-ўцекача, начальнік ДПС казаць не захацеў. Расказаў толькі, што ён быў моцна п’яны. Але як стала вядома Еўрарадыё, у салоне ён быў не адзін. У салоне Volkswagen Golf знаходзіліся чатыры чалавекі. Еўрарадыё і далей будзе сачыць за гэтым здарэннем.

Фота: http://www.abw.by/

Таксама на тэму:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі