“Сустрэча свабодных людзей” — 2: беларусы з фаерамі дайшлі да ЦВК
У суботу 16 лістапада ў 18:00 на плошчы Свабоды ў Мінску пачалася акцыя “Сустрэча свабодных людзей”. На гэтым тыдні яна праходзіла ўжо ў другі раз. Паўдзельнічаць у акцыі заклікалі апазіцыйныя палітыкі. Арганізатары — грамадзянская кампанія “Еўрапейская Беларусь” і каманда Міколы Статкевіча. Сённяшняя сустрэча адбывалася ў межах пікета кандыдаткі ў дэпутаты Алены Талстой, якая вылучаецца ад партыі БНФ па Паўднёва-Заходняй акрузе №99.
На плакатах, якія прынеслі з сабою ўдзельнікі сустрэчы, надпісы: "Беларусь — не товар, она не продаётся. Народная Грамада", "Пока ты спал, Лука родину продал", "Беларусь без Лукашенко как рыба без велосипеда. Народная Грамада", "Саюз з Расеяй — вайна і галеча!"...
Паралельна на вуліцы Зыбіцкай праходзіў мітынг студэнтаў, які арганізаваў “Моладзевы блок”. Пасля яго ўдзельнікі двух акцый пайшлі па цэнтры Мінску ў бок будынку, дзе месціцца Цэнтральная выбарчая каміcія. На плошчы Незалежнасці некаторыя кандыдаты ў дэпутаты спалілі свае пасведчанні, а таксама дакументы давераных асобаў, тым самым сцвярджаючы, што "выбараў няма".
Як паведамляе “Радыё Свабода”, у акцыі прынялі ўдзел каля 100 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.