Двух анархістаў падазраюць, што яны кінулі "кактэйль Молатава" ў Валадарку
У Мінску 20 кастрычніка затрымалі двух актывістаў анархісцкага руху — Мікіту Емяльянава і Івана Комара. Яны знаходзяцца ў сталічным СІЗА, напісаў у Фэйсбуку іх паплечнік Вячаслаў Касінераў. Паводле звестак праваабаронцаў, хлопцаў падазраюць у дачыненні да некалькіх акцыяў у Мінску.
Дома ў хлопцаў прайшлі ператрусы. Па словах Касінерава, Емяльянаў адмовіўся ад дачы паказанняў. Пра Комара ён піша: "На гэты момант ёсць інфармацыя з нагоды сумнеўнасці ягонай пазіцыі".
У каментары TUT.by праваабаронца Валянцін Стэфановіч паведаміў, што хлопцаў вінавацяць у наўмысным пашкоджанні маёмасці агульнанебяспечным спосабам. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Гаворка ідзе пра два выпадкі. У верасні хтосьці кідаў у будынак Мінгарсуда лямпачкі з фарбай, а ў кастрычніку ў бок СІЗА на Валадарскага нехта кінуў "кактэйль Молатава".
"Наша Ніва" тады паведамляла, што акцыі былі прымеркаваныя да суда над анархістам Змітром Паліенкам. Пазней яго прызналі вінаватым у хуліганстве асудзілі на тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.